Skip to main content

Вернікі з Беларусі ўдзельнічалі ў пілігрымцы з Беластока ў Вострую Браму

wilno 1З 20 па 24 жніўня прайшла XXX Экуменічная пешая пілігрымка з Беластока (Польшча) у Вострую Браму ў Літве. Пілігрымка адбывалася пад дэвізам „Каб былі адно”.

Хоць ужо трэці год гэтая пілігрымка не праходзіць праз тэрыторыю Гродзеншчыны, удзел у ёй прынялі вернікі з Беларусі на чале з кс. Паўлам Безляповічам, пробашчам парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве (Ваўкавыскі дэканат). Яны даехалі на аўтобусе да Беластока, дзе далучыліся да вернікаў з розных месцаў Польшчы.

Пасля пяці дзён шляху пілігрымы прыйшлі ў Вострую Браму да Маці Міласэрнасці, якая з'яўляецца таксама галоўнай Апякункай Гродзенскай дыяцэзіі. Пілігрымаў у цэлым было 360, яны падзяляліся на дзве групы: польскую, якой кіраваў кс. Лукаш Жук, і беларускую пад кіраўніцтвам кс. Паўла Безляповіча.

wilno 7

У санктуарыі Маці Божай Міласэрнасці ў Вострай Браме святую Імшу для пілігрымаў цэлебраваў дапаможны біскуп Беластоцкай архідыяцэзіі Генрык Цярэшка, які правёў у дарозе з імі апошні этап іх вандроўкі.

Маршрут пілігрымкі ў апошнія гады крыху змяніўся. Удзельнікі ідуць два дні пешкі, затым на аўтобусах едуць да Эйшышак (Літва), дзе праходзіць мяжа з Беларуссю, адтуль накіроўваюцца далей.

wilno 6

Як падкрэсліваюць пілігрымы, хоць новы маршрут мае свае перавагі, ім не хапае традыцыйнага маршруту праз Беларусь. У іх памяці засталіся шматлікія цёплыя сустрэчы з жыхарамі нашай краіны, якія заўсёды прымалі іх з адкрытымі сэрцамі.

У сёлетняй юбілейнай пілігрымцы ўдзельнікаў суправаджалі восем святароў, дзесяць семінарыстаў і законная сястра. Самаму старэйшаму пілігрыму было 84 гады, самаму малодшаму – два.

Арганізатары і ўдзельнікі дзякуюць усім, з чыёй дапамогай дасягнулі Вострай Брамы, а таксама вераць, што ў наступныя гады вернецца ранейшы маршрут пілігрымкі, поўны дзевяцідзённы шлях, які вядзе праз Беларусь.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі