20 жніўня ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі) с. Кацярына Шэнда з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта прынесла вечныя манаскія абяцанні.
Абяцанні былі прынесены на святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Сястра Марыя Кацярына, адказваючы на пытанні біскупа, абяцала яшчэ больш дасканала прысвяціць сябе Богу, з дапамогай Яго ласкі прыняць і заўсёды захоўваць той спосаб жыцця ў дасканалай чыстасці, паслухмянасці і ўбостве, які абралі сабе Хрыстус Пан і Яго Маці.
Ва ўрачыстай падзеі прынялі ўдзел святары, назарэтанкі, якія служаць у Беларусі, найбліжэйшыя родныя i сябры с. Кацярыны.
Як знешні знак вечнага пасвячэння сястра атрымала пярсцёнак са словамі па-лацінску: “Мой каханы мой, а я Ягоная”, якія нагадваюць пра запавет, заключаны з Богам.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў сястры Кацярыне кожны дзень узрастаць у святасці, да якой запрашае ўсіх людзей сам Езус Хрыстус.
На заканчэнне сястра, перапоўненая радасцю, падзякавала Богу за гэты цудоўны дзень, які ўключыў яе ў паўнаце ў Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, дзе яна будзе падзяляць з гэтай законнай сям’ёй усё, што Пан падрыхтаваў для яе ў сваёй адвечнай любові.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Галіна Валюшка