11 жніўня санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем'яў у Тракелях (Радунскі дэканат) наведалі дэлегацыі Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.
Падчас візіту кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі распавёў, чым гэтая святыня можа быць прывабнай і цікавай для турыста. Святар азнаёміў гасцей з пакручастай гісторыяй касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, a таксама даў уяўленне аб сакральнай і мастацкай каштоўнасці каранаванага абраза Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем'яў.
Кусташ распавёў і аб сваім натхненні стварыць ландшафтны парк, паказаў інфраструктуру комплекса, падзяліўся неверагоднымі планамі на будучыню.
“Гэта душэўнае месца, у якое хочацца вяртацца і вяртацца”, – адзначыла адна з удзельніц дэлегацыі экскурсаводаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі