Skip to main content

Санктуарый Езуса Журботнага ў Росі зноў быў напоўнены шматлікімі пілігрымамі

imsza ros 266 жніўня, у свята Перамянення Пана, санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) пасля двухгадовага перапынку напоўніўся мноствам пілігрымаў.

У гэты дзень санктуарый, які біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч называе „духоўным санаторыем”, зноў ажыў. Да славутай ласкамі фігуры Езуса Журботнага, якая знаходзіцца ў цэнтральным месцы старадаўняй святыні, прыбыла ХХ Юбілейная пешая пілігрымка з Гродна, якая сёлета сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў.

Як адзначыў кіраўнік гэтай пілігрымкі кс. канонік Юрый Марціновіч, сёлета ў ёй удзельнічала амаль 300 чалавек з розных бакоў Гродзеншчыны, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

imsza ros 27

Акрамя таго, прыбыла пешая пілігрымка з Мастоў на чале з дэканам Мастоўскага дэканату кс. Віктарам Ханько, у гэтым годзе таксама шматлікая. Прыехалі на роварах пілігрымы з Ваўкавыска на чале з кс. Віталіем Пяткевічам, прыбылі ў індывідуальным парадку пілігрымы з бліжэйшых месцаў. Да іх далучылася вялікая колькасць тых, хто прыехаў на ўласным транспарце. Вернікі сабраліся, каб разам маліцца і ўзносіць да Езуса свае просьбы і падзякі.

Традыцыйна ўсіх пілігрымаў прывітаў заўсёды гасцінны кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, які не шкадаваў асвячанай вады, акрапляючы радасных вернікаў, што ўваходзілі ў касцёл.

У санктуарыі адбылася ўрачыстая Імша, на якой панавала малітоўная атмасфера, а ўдзельнікі з багажом сваіх інтэнцый звярталіся да Бога. Узначаліў Эўхарыстыю шматгадовы арганізатар гродзенскай пілігрымкі кс. канонік Юрый Марціновіч, які сёлета прыбыў у Рось пешкі ўжо ў 20-ы раз.

imsza ros 30

У гаміліі гаспадар гэтага месца кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, кажучы пра свята Перамянення Пана, заахвоціў усіх прысутных і тых, хто духоўна далучыўся да іх з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі, дазволіць Пану перамяніць іх жыццё.

Святар заклікаў адкрыць сэрцы на дар Створцы, які жадае ўліць у сэрца кожнага сваю ласку і любоў.

Пасля Імшы вернікі трывалі ў малітве, мелі час на індывідуальную малітву. Затым для ахвотных адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і канферэнцыя.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Рось