6 жніўня, у свята Перамянення Пана, адбылася ХХ Юбілейная пешая пілігрымка Гродна-Рось.
Выключна ў гэтым годзе пілігрымка ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Пана Езуса Журботнага пачалася малітвай у касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах (дэканат Вялікая Бераставіца). Ранішнюю малітву ўзначаліў пробашч мясцовай парафіі кс. Алег Канановіч, які таксама ўдзяліў благаслаўленне на дарогу.
У пілігрымцы, якая адбывалася пад дэвізам „Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце!” (Лк 9, 35), удзельнічала амаль 300 чалавек з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Пілігрымы прайшлі 27 км. Яны зрабілі прыпынак у парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Рэплі, дзе іх пачаставалі абедам мясцовыя вернікі і пробашч кс. Павел Ствол.
Як адзначыў кіраўнік пілігрымкі кс. канонік Юрый Марціновіч, людзі чакалі гэтага падарожжа, якое з прычыны пандэміі мінулыя два гады праходзіла ў сімвалічным складзе, так, каб захаваць пілігрымкавы рух. А сёлета шмат людзей, асабліва маладых, пераадольваючы нават шмат кіламетраў, прыбылі, каб сустрэцца, разам маліцца і занесці свае падзякі і просьбы Езусу Журботнаму.
На працягу шляху пілігрымы ўдзялялі шмат часу малітве. Молячыся Ружанец, яны даручалі Пану Богу праз Марыю ўсе свае інтэнцыі, якія былі запісаны на лістках паперы, а затым агучаны семінарыстамі Паўлам, Аляксеем і Міхаілам падчас малітвы.
Молячыся Вяночак да Божай Міласэрнасці, вернікі асабліва прасілі аб міры для ўсяго свету, асабліва за тыя краіны, дзе няма гэтага міру.
Падчас канферэнцыі кіраўнік пілігрымкі нагадаў пра свята, якое адзначалася ў Каталіцкім Касцёле ў гэты дзень. Святар падкрэсліў, што мэта кожнай пілігрымкі – не толькі дасягнуць месца, куды яна ідзе, а найперш дасягнуць духоўнага перамянення кожнага ўдзельніка.
Як напісаў кс. канонік Юрый Марціновіч у сваім слове, змешчаным у канцы спеўніка для пілігрымаў, падчас гэтай кароткай вандроўкі кожны пілігрым мае шанс паглядзець на сябе позіркам, у нечым новым і свежым – дастаткова адкрыць сваё сэрца на дзеянне Божай ласкі.
„А тады, перакананы, вернешся дадому ўжо іншым... Праўда, у тым жа адзенні, тым жа абутку, з тым жа заплечнікам і ўсім яго змесцівам. Аднак вернешся новы і свежы, каб па-новаму абуджаць Хрыстовага Духа і перамяняць аблічча нашай зямлі!” – напісаў святар.
Надвор'е ў гэтым годзе спрыяла пілігрымам, якіх спачатку сагрэлі прамяні летняга сонца, затым акрапіў цёплы дождж, а пасля высушылі лагодныя павевы ветру, які, нібы Дух Святы, падштурхоўваў крочыць да мэты і, нягледзячы на стомленасць, не губляць ахвоты і надзеі.
Трэба падкрэсліць, што сёлета да пілігрымкі далучылася вельмі шмат дзяцей, якія сваёй радасцю, энтузіязмам і энергіяй дадавалі энергіі іншым, прыносячы таксама спадзяванне, што пешая пілігрымка з Гродна ў Рось будзе з кожным годам развівацца і збіраць мноства ўдзельнікаў.
Тыя, хто ішоў у ёй першы раз, павінны былі зрабіць вянок з палявых кветак і надзець на галаву, каб такім чынам пазначыць гэта.
Усе ўдзельнікі шчасліва дасягнулі санктуарыя. На парозе святыні іх радасна прывітаў заўсёды гасцінны гаспадар гэтага месца – кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, кусташ.
З сэрцамі, поўнымі ўдзячнасці, гледзячы ў вочы Езусу Журботнаму, пілігрымы даручалі Яму свае радасці і смуткі, распавядалі пра сваё жыццё і прасілі, каб у цяжкія хвіліны Ён заўсёды быў побач і спяшаўся з дапамогай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі