Вечарам 5 жніўня ў гродзенскай катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя завяршыліся двухдзённыя святкаванні ў гонар Маці Божай Кангрэгацкай, або Студэнцкай.
Цэлебрацыю ўрачыстай Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Маці Божая Кангрэгацкая з'яўляецца таксама Заступніцай горада над Нёманам, таму ў гэты дзень прысутныя ў святыні маліліся за ўсіх жыхароў Гродна, просячы аб патрэбных дарах і ласках для кожнага.
Абраз Панны Марыі, змешчаны ў правай бакавой капліцы галоўнай святыні Гродзенскай дыяцэзіі, лічыцца цудадзейным. Маці Божую Кангрэгацкую здаўна ўшаноўваюць тут як Апякунку студэнтаў, таму ў гэты дзень катэдру наведала шмат маладых людзей, каб выказаць Марыі свае інтэнцыі і просьбы, даручаючы Ёй шлях свайго жыцця.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі