Skip to main content

Узрастаць у любові па прыкладзе святой Рыты вучыліся сем’і на рэкалекцыях у Навагрудку

nazaret 9У кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Навагрудку адбыліся рэкалекцыі для сем’яў.

Духоўныя практыкаванні мелі назву „Сям’я – шлях узрастання ў любові па прыкладзе святой Рыты”. У іх удзельнічала 18 сем’яў з Асацыяцыі Святой Сям’і пры кангрэгацыі сясцёр назарэтанак, у цэлым 95 чалавек: 41 дарослы і 54 дзіцяці. Найбольшы стаж сужэнскага жыцця ўдзельнікаў складаў 24 гады, найменшы – 7 гадоў.

Падчас рэкалекцый у Асацыяцыю Святой Сям’і былі прыняты тры новыя члены.

У праграму ўваходзілі святая Імша, канферэнцыі, індывідуальная праца і праца ў сужэнскай пары, а для дзяцей былі арганізаваны адмысловыя заняткі і майстар-класы.

Рэкалекцыі праводзіў пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім і экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі кс. Мікалай Ціхановіч. У межах канферэнцый і гамілій святар заахвочваў удзельнікаў добра выкарыстаць час гэтай сустрэчы для ўзрастання ў любові і вучыцца будаваць адносіны з тымі, хто побач.

Сужэнцы заахвочваліся таксама да таго, каб, жывучы ў супольнасці, кожны дзень вучыцца служыць адно аднаму і прабачаць.

Для ўсіх удзельнікаў гэтых рэкалекцый каштоўнае само месца іх правядзення, бо там, у Навагрудку, іх збіраюць на малітве благаслаўлёная сястра Стэла і дзесяць яе паплечніц, якія ў час Другой сусветнай вайны аддалі сваё жыццё за бацькаў сем’яў. Гэтыя духоўныя практыкаванні былі таксама добрай магчымасцю памаліцца не толькі за свае сем’і, але і за ўсе сем’і нашай краіны, уключаючы тых, якія перажываюць розныя цяжкасці і праблемы.

nazaret 4

„Нас, сясцёр назарэтанак, вельмі радуе, што харызма нашай кангрэгацыі вельмі блізкая для многіх сем’яў. Мы не толькі молімся за сем’і, але і даем магчымасць грунтоўнай хрысціянскай фармацыі ў назарэтанскім духу”, – адзначае арганізатар рэкалекцый і адказная за Асацыяцыю Святой Сям’і пры Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў нашай краіне с. Марыяна Алешчык CSFN, дзякуючы ўсім удзельнікам за прысутнасць, адкрытасць i знойдзены час.

Кангрэгацыя сясцёр назарэтанак запрашае на сустрэчы асацыяцыі. Сустрэчы адбываюцца штомесяц у Гродне, Лідзе, Глыбокім, Маладзечне і Мінску, плануюцца таксама ў Івянцы.

Каб далучыцца да асацыяцыі, просьба звяртацца да с. Марыяны Алешчык па тэлефоне:

+375 44 755 65 16

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі