24 ліпеня ў вёсцы Тракелі, што на тэрыторыі парафіі Апекі Маці Божай у Дайлідках (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат), адзначылі 200-гадовы юбілей з часу пабудовы першай капліцы пры крыніцы святога Якуба. Узначаліў юбілейную ўрачыстасць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
У нядзелю больш за тры сотні чалавек — мясцовых вернікаў і гасцей — сабраліся на ўскраіне невялічкай вёскі Тракелі, каб разам памаліцца пры крыніцы святога Якуба, якая з даўніх часоў лічыцца святым месцам.
Пра гісторыю гэтага незвычайнага месца культу распавёў мясцовы старажыл Казімір Варановіч.
«Крыніца з гаючай вадой у вёсцы Тракелі — адзіная на тэрыторыі Беларусі, асвячаная ў гонар апостала Якуба.
І сто, і дзвесце гадоў таму вернікі кожны год збіраліся ў свята святога Якуба каля крыніцы на супольную малітву. З Божаю дапамогаю тут многія вылечваліся ад хваробаў. Нашыя продкі выкарыстоўвалі ваду з гэтай крынічкі для прыгатавання ежы, абмывалі сябе і дзяцей. Яны заўважылі, што ад вады з крыніцы святога Якуба на целе знікалі высыпкі і прэласці, скура станавілася прыгожай і гладкай.
Вада з гэтай цудадзейнай крыніцы дапамагае пры хваробах скуры, вачэй, аблягчае стан анкалагічна хворых, дае палёгку пры іншых хваробах.
У 1820 годзе пад кіраўніцтвам ксяндза Юстына-Корвіна Саковіча было распачата, а ў 1822 завершана будаўніцтва студні і драўлянай капліцы пры крыніцы святога Якуба. Усярэдзіне капліцы быў змешчаны драўляны алтар з абразом святога Якуба. Перад ім з правага боку знаходзілася студня з гаючай вадой.
Штогадовы фэст у Тракелях каля крыніцы святога Якуба адбываўся да 1939 года, але з прыходам у Заходнюю Беларусь савецкай улады яго забаранілі.
У 1949 годзе быў зачынены таксама касцёл у Дайлідках. Калі ў вёсцы арганізавалі калгас, каля крыніцы ўстанавілі вялікае начынне, з якога паілі коней, а ў 1968 годзе капліцу ў Тракелях разабралі. У 1982 годзе каля Тракеляў пачалі будаваць вадасховішча. Крыніцу завалілі бураломам і друзам, верх студні разбурылі. Але жыхары вёскі Ядвіга і Франц Матыяшкойці з сынамі Юзафам і Уладзімірам знайшлі і адкапалі крыніцу.
У 1989 годзе вернікам вярнулі дайлідскі касцёл. У 2010 годзе на свята Божага Цела працэсія вернікаў на чале з ксяндзом Алегам Шпенем прайшла ад адроджанай святыні да Тракеляў.
Ад тагачаснага старшыні дайлідскага касцёльнага камітэту Міхала Матыяшкойця пробашч даведаўся пра цудадзейную крыніцу святога Якуба. Святар звярнуўся па параду да біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, як можна аднавіць гэтае месца культу. Біскуп параіў пашукаць у віленскіх архівах дакументы, якія б пацвердзілі існаванне крыніцы ў вёсцы Тракелі.
Знайсці іх дапамагла Ядвіга Сабюн, ураджэнка Тракеляў, якая жыве ў Вільні. Пазней жанчына расказала пра цікавы выпадак. Аднойчы, прыехаўшы цягніком з Вільні на станцыю Ашмяны, яна ішла ў родную вёску. На паваротцы на Тракелі ўбачыла бедна апранутага старога, што сядзеў пры дарозе. „Чаму вы тут сядзіцё?“ — здзівілася Ядвіга. „Мне вельмі цяжка, але я ведаю, што ты мне дапаможаш!“ — адказаў стары і… узняўся ў неба».
Што гэта азначае, жанчына зразумела толькі тады, калі ў 2012 годзе прывезла на радзіму копіі дакументаў пра крыніцу святога Якуба. З імі ксёндз пробашч Алег Шпень і старшыня касцёльнага камітэта Казімір Варановіч звярнуліся да біскупа Аляксандра Кашкевіча і ў Астравецкі райвыканкам і атрымалі дазвол на правядзенне набажэнстваў у Тракелях. Тым часам мясцовыя жыхары ўзяліся за аднаўленне крыніцы. Міхал Матыяшкойць сабраў вернікаў. Талакою яны павысякалі хмызнякі, устанавілі новыя цэмбравіны, ахвяраваныя мясцовымі жыхарамі. Драўляны крыж зрабіў і ўстанавіў каля студні Станіслаў Баніцэвіч.
25 ліпеня 2012 года пры крыніцы святога Якуба пасля больш як 70-гадовага перапынку адбылася святая Імша, якую цэлебравалі пробашч Дайлідскай парафіі ксёндз Алег Шпень і пробашч Міхалішкаўскай парафіі ксёндз Анатоль Захарэўскі.
З таго часу тут зноў сталі адбывацца фэсты, на якія з кожным годам збіраецца ўсё больш святароў і вернікаў. У 2014 годзе крыніцу наведаў біскуп Юзаф Станеўскі, які ў той час быў дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, у 2017 цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а ў 2018 — біскуп Юрый Касабуцкі з Мінска.
Два гады таму пад кіраўніцтвам Алега Шпеня на крыніцы святога Якуба была ўзведзена новая капліца. 30 чэрвеня 2020 года біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч выдаў дакумент, які зацвярджае значнасць крыніцы святога Якуба ў вёсцы Тракелі Астравецкага раёна як адзінай у Беларусі, рэлігійна-культурнага і паломніцкага месца, ад якога будуць пачынацца пілігрымкі з Беларусі праз краіны Еўропы да рэліквій святога Якуба ў Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі.
Вітаючы ўдзельнікаў сёлетняй юбілейнай урачыстасці, арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што многія з іх здалёк прыязджаюць сюды, на сваю малую радзіму — «вяртаюцца да крыніцы».
«Вы сёння паказваеце сучаснаму свету, дзе знаходзіцца крыніца. Крыніца, якая наталяе не толькі смагу, але таксама і прагу сэрца, умацоўвае наш дух.
Прыходзячы сюды, мы вяртаемся да таго моманту, калі 200 гадоў таму хтосьці з нашых продкаў знайшоў гэтае святое месца, і разышлася гэтая навіна ад сэрца да сэрца, ад вуснаў да вуснаў, што тут можна наталіць духоўную прагу; тут чалавек адчувае сябе інакш, бо тут знак Божай прысутнасці. І сапраўды, на працягу гэтых двухсот гадоў гісторыя змянялася, і ў гэты год, калі мы перажываем год гістарычнай памяці, мы таксама пераходзім праз стагоддзі і праз пакаленні не толькі каб ведаць, ці вярнуцца да таго моманту, але ўглядаючыся ў іх, разважаючы пра іх веру, пра іх жыццё, набраць сілу і моцы для сябе асабіста, бо заўтра новы дзень, новыя абавязкі і выпрабаванні нашай веры.
Калі глядзім на нашых продкаў і дзякуем ім, бо менавіта дзякуючы іх веры, іх адвазе сёння мы тут сабраныя. Гэта яны, як кажам, „з малаком маці“ перадалі нам веру ў Трыадзінага Бога. Гэта яны навучылі нас маліцца; гэта яны сваім штодзённым жыццём, згодным з Божай воляй і касцёльнымі наказамі, нам пацвярджалі, што не толькі гавораць, але і спаўняюць гэта», — адзначыў арцыпастыр.
Працягваючы тэму сувязі пакаленняў, іерарх нагадаў, што ў нядзелю 24 ліпеня ў Касцёле адзначаўся другі Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей. Звяртаючыся да прадстаўнікоў старэйшага пакалення, арцыбіскуп Станеўскі сказаў: «Мы сёння сапраўды ўдзячныя вам за вашу малітву, бо кожны з вас сёння просіць за сына, унука, унучку той ласкі праз заступніцтва святога Якуба, якога сёння тут узгадываем, падобна, як ягоная маці прасіла за свайго сына ў Езуса. Так, як яна, вы сёння кажаце: „Пане Езу, учыні, як я хачу, якія мае планы“, — а памятаем, як Езус Хрыстус, гаворачы пра сваю місію, з якой прыйшоў на зямлю, прадказаў, што Ён аддасць сваё жыццё на дрэве крыжа.
Таму чалавек павінен сысці з дарогі свайго меркавання, сваіх планаў, чыста людскіх, штодзённых. Мусіць стаць на дарогу Хрыста, на дарогу збаўлення», — заахвоціў удзельнікаў урачыстасці арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Натоленыя Божым словам і Найсвяцейшым Сакрамэнтам, пасля Імшы прысутныя скарысталіся магчымасцю, каб набраць вады з крыніцы святога Якуба. У начыннях яны павезлі яе ў свае дамы, каб праз гэтую ваду ажыўляць у сэрцы атрыманыя ў Эўхарыстыі дары Божай ласкі, а таксама цноты веры, надзеі і любові.