З 9 па 16 ліпеня ва Уселюбе адбыўся летні адпачынак для дзяцей з парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні.
Кожны дзень пачынаўся святой Імшой, якую цэлебраваў пробашч парафіі кс. Віталь Цыбульскі. На літургіі дзеці маглі праслаўляць Бога спевам і сваім актыўным удзелам.
На адпачынку дзеці разважалі над тэмай “Сям’я – гэта скарб у маіх руках”. Дапамагаў ім у гэтым Маленькі прынц, які імкнуўся зразумець, як сапраўды адбываецца ў нашых сем’ях. Падчас працы ў групах дзеці з дапамогай арганізатараў стараліся ўбачыць, як узрастаць у любові адзін да аднаго ў сем’ях, будаваць адносіны, умець прабачаць і шукаць шляхі прымірэння, якія традыцыі і звычаі існуюць у нашых сем’ях і чаму важна іх захоўваць, як узрастаць у веры разам усёй сям’ёй і імкнуцца паглыбляць жывыя адносіны з Богам.
На працягу адпачынку дзецям былі прапанаваны цікавыя гульні, тэматычныя забаўляльныя праграмы, гурткі, дзе кожны мог чамусьці навучыцца і спазнаць штосьці новае, а таксама знайсці новых сяброў. Асаблівым гульнявым момантам было “Шуканне скарбу”, дзе дзеці ў камандах маглі выконваць розныя заданні і знайсці “салодкі скарб”, якому былі вельмі рады.
Акрамя таго, дзеці мелі магчымасць наведаць Навагрудак, пазнаёміцца з яго гісторыяй і прыгожымі месцамі, з гісторыяй навагрудскіх сясцёр назарэтанак.
Таксама ўдзельнікаў чакалі вясёлыя вечары, на якіх яны маглі пабыць разам і раскрыць свае таленты. На заканчэння дня арганізатары рыхтавалі слоўка, якое кожны раз было адметным.
Завяршэннем была падзяка ўсім, хто ўдзельнічаў у адпачынку і арганізаваў яго.
С. Валянціна Кот FMA