13 ліпеня, у 79-ю гадавіну смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, вернікі маладой гродзенскай парафіі, якая абрала яе сваёй апякункай, наведалі фарты ў Навумавічах.
На месцы, дзе падчас Другой сусветнай вайны была расстраляна Мар’яна Бярнацкая разам з жыхарамі свайго роднага Ліпска і Гродна, адбылася святая Імша.
На гэтых фартах, якія знаходзяцца паблізу новай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай, у велізарных магілах можа спачываць больш за тры тысячы чалавек, сярод якіх інтэлігенцыя, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, духавенства.
На Эўхарыстыі ў лесе, дзе адбываліся трагічныя падзеі тых часоў, сабраліся парафіяне, якія дзякавалі ўсім сведкам веры, у тым ліку сваёй апякунцы, за іх вялікую адвагу ў простым і сціплым жыцці.
Імшу ўзначаліў пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч. Як падкрэсліў святар у гаміліі, благаслаўлёная Мар’яна паказвае, што штодзённасць, звычайнае, простае жыццё, можа стаць шляхам узрастання ў святасці, а таксама што можна любіць і быць шчаслівым чалавекам, выкарыстоўваючы нават свае абмежаваныя магчымасці, складаныя і напоўненыя працай дні.
Святар заахвоціў сваіх парафіян, каб на ўзор іх апякункі, рэалізуючы ідэал святасці, яны жылі ў камуніі з Богам – працуючы, молячыся, церпячы, слухаючы, дапамагаючы бліжнім.
„Будзем вучыцца добра выкарыстоўваць кожную хвіліну, як пражывала сваё жыццё благаслаўлёная Мар’яна, памятаючы, што наша „сёння” адкрывае нам шлях да неба”, – адзначыў ксёндз канонік.
На Эўхарыстыі вернікі маладой парафіі асаблівым чынам маліліся аб шчаслівым будаўніцтве святыні, якое пачалося ў ліпені гэтага года. Яны даручалі Богу ў малітве ўсіх сваіх сённяшніх і будучых ахвярадаўцаў і людзей добрай волі.
Таксама яны агарнулі малітвамі ўсіх членаў сваёй парафіяльнай супольнасці, каб на ўзор іх вялікай апякункі яны ўмелі будаваць адносіны паміж сабой і са сваімі блізкімі ў сям’і.
Пасля Імшы вернікі запалілі лампадкі i працяглы час маліліся перад памятным крыжам, аддаючы Богу праз заступніцтва апякункі свае інтэнцыі і просьбы, а таксама прынесеныя кветкі са сваіх садоў.
Гэтай засяроджанасці, разважанню над уласным жыццём і тым, што можа кожны зрабіць сёння для іншага чалавека і свету, спрыялі добрае летняе надвор’е і спеў птушак.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі