Skip to main content

Імша для пілігрымаў і за пілігрымаў адбылася ў Тракелях

piligrymy msza 47Увечары 9 ліпеня ў межах адпустовых урачыстасцяў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях святую Імшу для пілігрымаў.

На пачатку Эўхарыстыі, у якой удзельнічалі шматлікія пілігрымы з розных частак нашай дыяцэзіі, краіны і з-за мяжы, іерарх прадставіў інтэнцыі малітвы. Ён падкрэсліў, што ў гэтым месцы, вядомым асаблівымі ласкамі, належыць звяртацца да Марыі з усімі сваімі патрэбамі, а Яна, як кожная добрая маці, выслухае сваіх дзяцей.

Біскуп заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі ўсяго Каталіцкага Касцёла, каб той мог цешыцца свабодай, заклікаў агарнуць малітвамі асабліва маладыя сем’і і тыя, якія перажываюць разнастайныя драмы і крызісы.

Таксама ён папрасіў усіх прысутных падтрымаць малітвай дзяцей і моладзь, каб яны былі годнай будучыняй нашага народу і Касцёла і будавалі сваё жыццё на трывалым фундаменце.

piligrymy msza 38

Акрамя таго, біскуп Яшэўскі, адказны ў беларускім епіскапаце за фармацыю семiнарыстаў i святароў, заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі новых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця.

Імшу іерарх цэлебраваў за ўсіх пілігрымаў, якія прыбылі на ўрачыстасці ў Тракелі, і духоўных пілігрымаў, якія па розных прычынах не змаглі там прысутнічаць, але яднаюцца з сабранымі ў малітве.

У Эўхарыстыі ўдзельнічалі таксама святары і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

piligrymy msza 65

У гаміліі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі адзначыў, што наш народ, у які ўваходзяць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, здольны жыць у міры, а доказам гэтага з’яўляецца тое, што ў ім няма канфліктаў на рэлігійнай глебе.

Таму іерарх заахвоціў цаніць мір і старацца захоўваць яго. Ён заклікаў таксама да малітвы аб міры ў сям’і, краіне і свеце кожны дзень. „Мір у свеце будуецца на падставе міру ў нашых сем’ях”, – дадаў біскуп Касабуцкі.

Іерарх звярнуў увагу, што мір на месцах нашай працы і вучобы будзе залежаць ад таго, ці будзе такі мір у нашых дамах і сем’ях.

Біскуп пажадаў усім быць вестунамі і будаўнікамі міру ў сваім асяроддзі, доме, сям’і.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Сяліцкая