9 ліпеня на трасе Ліда-Тракелі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прывітаў пешых пілігрымаў, якія ішлі ў арганізаваных групах у санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем'яў, дзе ў гэтыя дні адбываюцца адпустовыя ўрачыстасці.
Іерарх падзякаваў пілігрымам за іх цудоўнае сведчанне веры, якое яны даюць сучаснаму свету.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне згодна з дэвізам сёлетніх тракельскіх урачыстасцяў “З Марыяй да супакою і еднасці” заахвоціў пілігрымаў, каб у санктуарыі яны, стоячы на каленях, прасілі аб міры для ўсяго свету і аб дары доўгачаканага адзінства ў кожнай сям'і, доме, грамадстве, краіне і паміж народамі.
Таксама біскуп удзяліў ім пастырскае благаслаўленне.
Першыя пешыя групы, якія ў гэтым годзе прыбылі ў санктуарый, былі з Ліды: першая з парафіі Божай Міласэрнасці, наступная з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, затым з парафіі Узвышэння Святога Крыжа і з іншых лідскіх парафій.
На роварах прыехалі пілігрымы з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
Таксама ў гэтым годзе прыбыла аўтобусная пілігрымка з Шальчынінкая (Літва).
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі