Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Еўразійская мастацкая садружнасць” праводзіць у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях мастацкі пленэр.
У міжнароднае грамадскае аб’яднанне ўваходзяць жывапісцы, графікі, скульптары, мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі іншых творчых прафесій. Творчая дзейнасць сяброў “Еўразійскай мастацкай садружнасці” накіравана на развіццё і папулярызацыю выяўленчага мастацтва, а таксама іншых сфер культуры на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі.
Адной з найбольш значных сталі для Садружнасці праекты па рэалізацыі пленэрнай дзейнасці сяброў аб’яднання. Захоўваць прыгажосць беларускай зямлі, багацці яе гарадоў і вёсак, прыродныя помнікі і запаведныя мясціны роднай зямлі – задача, якую ставяць перад сабой сябры аб’яднання.
Тракелі − адно з такіх чароўных месцаў беларускай зямлі, а галоўная славутасць Тракеляў − драўляная святыня, пабудаваная ў 1809 годзе. Гэты касцёл, у якім знаходзіцца адзін з самых шанаваных у нашай краіне цудадзейны абраз Маці Божай, з’яўляецца помнікам архітэктуры і драўлянага дойлідства пачатку ХІХ стагоддзя.
Мастакі міжнароднага грамадскага аб’яднання прыедуць сёлета на дыяцэзіяльныя ўрачыстасці Мацi Божай Тракельскай, якія адбудуцца 9-10 ліпеня. Увесь тыдзень да свята яны будуць пісаць тракельскія краявіды і наваколлі. Важным этапам праекта стане выніковая выстава, дзе мастакі падзеляцца сваімі яркімі эмоцыямі з гледачамі, мясцовымі жыхарамі і пілігрымамі, якія прыедуць на свята.
Кожны мастак пакіне для касцёла часцінку сябе, сваю працу, напісаную падчас пленэру ў аграгарадку, якая застанецца ў калекцыі санктуарыя і зможа радаваць вернікаў не адзін год.
Гледачы ж змогуць набыць карціну з выставы непасрэдна ў мастака, пазнаёміцца з аўтарамі, з беларускім мастацтвам у непасрэднай блізкасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі