29 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы (Радунскі дэканат). У гэты дзень там адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла.
Традыцыйна на малітве сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прыбылі таксама святары дэканату на чале з дэканам кс. канонікам Генрыкам Яблонскім.
У касцёле, напоўненым вернікамі, пастыр Гродзенскай дыяцэзіі цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафію на чале з яе пробашчам кс. Аляксандрам Адамовічам.
На Эўхарыстыі група старэйшых вернікаў і моладзі, у цэлым 55 чалавек, адпаведным чынам падрыхтаваныя сваім душпастырам, былі ўмацаваны сямю дарамі Духа Святога ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч казаў пра апосталаў Пятра і Паўла, культ якіх асабліва жывы ў парафіі ў Начы. Святар падкрэсліў, як важна быць сёння апосталамі для іншага чалавека праз сваё штодзённае жыццё. Ён дадаў, што апосталы былі напоўнены Духам Святым, таму здолелі дасягнуць так шмат. Таму святар адзначыў важнасць таго, каб акрывацца на дзеянне Духа Суцяшыцеля, каб таксама быць здольнымі рэалізаваць сваё жыццёвае пакліканне.
Урачыстасць завяршылася Эўхарыстычнай працэсіяй вакол старадаўняй святыні, падчас якой вернікі дзякавалі Езусу за ўсе дары, якія атрымліваюць ад Яго кожны дзень.
Затым пробашч парафіі і тыя, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, выказалі ўдзячнасць біскупу за прыбыццё, супольную малітву і ўдзелены сакрамэнт.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі