29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем'яў у Тракелях.
Іерарх асвяціў фігуры 12 апосталаў, размешчаныя на прыкасцёльнай тэрыторыі.
Звяртаючыся да прысутных у святыні вернікаў, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заклікаў іх быць апосталамі ў сваіх сем'ях і на працы, каб паказваць іншым людзям дабрыню Пана Бога.
Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі, праз вялікія старанні якога з'явіліся фігуры апосталаў у тракельскай парафіі, падзякаваў біскупу за іх асвячэнне, а таксама выказаў надзею, што іх размяшчэнне ў парку каля касцёла будзе заахвочваннем для ўсіх, хто наведвае гэтае месца, да яшчэ большага служэння іншым і абвяшчэння Евангелля сваім жыццём і словам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі