27 чэрвеня, ва ўспамін св. Уладзіслава, у Суботніках (Іўеўскі дэканат) адбыўся парафіяльны адпуст. Абраз святога заступніка парафіі знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла. Гэта адзіная святыня ў Беларусі пад тытулам св. Уладзіслава, караля Венгерскага, пабудаваная Уладзіславам і Янінай Умястоўскімі, уладальнікамі маёнтка Жамыслаўль, больш за 100 год таму.
На ўрачыстай Імшы сабраліся мясцовыя вернікі і госці парафіі, а таксама запрошаныя святары.
Распачаўся адпуст выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і Літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Дзякуючы паслузе кс. Анатоля Захарэўскага, пробашча парафіі св. Міхала Арханёла ў Міхалішках, кс. Дзмітрыя Несцера, пробашча парафіі св. Мікалая ў Геранёнах, і кс. каноніка Віктара Субеля, дэкана Іўеўскага дэканату, можна было прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Затым святары і вернікі прайшлі ў Эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла. На пачатку Імшы пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Лебядзевіч прывітаў прысутных.
Узначаліў Эўхарыстыю кс. Анатоль Захарэўскi. У гаміліі ён расказаў пра жыццё святога Уладзіслава, аб якім вядома не так і шмат. Будучы каралём, Уладзіслаў меў шмат спакусаў, але заўсёды імкнуўся ісці па жыцці з Езусам, будаваў касцёлы, адкрываў кляштары. Ксёндз Анатоль распавёў некалькі цікавых гісторый са сваёй святарскай практыкі, якія сведчаць, што кожнаму трэба быць прыкладам веры ў Бога для ўсіх, хто нас акружае, асабліва для сваіх родных, прыкладам дзейсным, не толькі словам, але і ўчынкам паказваць, як павінна выглядаць жыццё хрысціяніна.
Святар заклікаў прысутных браць прыклад з заступніка парафіі, у сваёй штодзённасці несці мір і спакой, жыць у згодзе з найбліжэйшымі, імкнуцца да святасці, як імкнуўся да яе Уладзіслаў. “Лес не стаіць на месцы, ён расце ўверх, да сонца, да святла, і мы не павінны стаяць, мы павінны расці духоўна, імкнуцца да святасці”, – такімі словамі завяршыў навуку кс. Анатоль.
Прыгожым спевам аздабляў літургію парафіяльны хор.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі шчыра падзякаваў вернікам і духавенству за ўдзел ва ўрачыстасці. Пасля благаслаўлення прысутныя мелі магчымасць наведаць крыпту касцёла.
Людміла Пясецкая