Skip to main content

Біскуп Кашкевіч удзельнікам парафіяды: узбагаціцеся не толькі золатам, срэбрам і бронзай, а найперш верай

2den 19Другі дзень ХІІ Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, 28 чэрвеня, пачаўся святой Імшой у гродзенскім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (Аўгустовак).

На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабраліся ўдзельнікі рэлігійна-культурна-спартыўнага мерапрыемства.

У гаміліі дэкан Мастоўскага дэканату кс. Віктар Ханько казаў пра тое, што Езус Хрыстус хоча перамяніць сэрца кожнага з сабраных на парафіядзе праз іх удзел у гэтай сустрэчы. Святар дадаў, што трэба пастаянна ўдасканальвацца і клапаціцца аб тым, каб сэрца заўсёды было напоўнена ласкай Пана.

2den 4

На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч пажадаў усім удзельнікам парафіяды плённага дня.

Таксама іерарх падкрэсліў, што гэтая двухдзённая сустрэча, акрамя медалёў і кубкаў, якія ўручаюцца тым, хто займае першыя месцы, павінна ўзбагаціць кожнага ўдзельніка не толькі золатам, срэбрам ці бронзай, а найперш узбагаціць духоўна, умацаваць веру, зноў распаліць любоў і дапамагчы быць добрым прыкладам для свайго асяроддзя.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў арганізатарам парафіяды за яе падрыхтоўку, а таксама падзякаваў усім, хто матэрыяльным і духоўным чынам падтрымлівае яе правядзенне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Максіміліян Пік