Skip to main content

Рэкалекцыі для мужчын “Утрымаць Пасху” прайшлі ў Гродне

rec 211 чэрвеня ў капліцы парафіі Святога Духа ў Гродне адбыліся духоўныя практыкаванні для мужчын. Удзельнікі разважалі над пытаннем: “Як утрымаць Пасху?”

Спікерам на рэкалекцыях быў вікарый гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя кс. Яўген Амасёнак.

Як паведамляе сайт групы “Мужчыны святога Юзафа”, рэкалекцыяніст зрабіў акцэнт канферэнцый на працах хрысціянскага візантыйскага тэолага, філосафа і манаха Евагрыя Пантыйскага, які жыў у IV ст. Спікер засяродзіў увагу ўдзельнікаў на сферы чалавечых думак, якія, калі не “працаваць” з імі, прыводзяць да граху. Паводле Евагрыя, такіх думак восем, яны заўсёды знаходзяцца ў глыбінях чалавечай натуры і суправаджаюць людзей усё жыццё: гэта абжорства, хцівасць, славалюбства, нячыстасць, смутак, гнеў, духоўная дэпрэсія і пыха.

Кожны з пунктаў быў разгледжаны паасобку. Падчас канферэнцый і размоваў удзельнікі змаглі па-новаму паглядзець на кожную з гэтых думак і па-іншаму зірнуць у сваю сутнасць, у свае адносіны да тых ці іншых пытанняў, якія ўплываюць на жыццё.

Таксама кс. Яўген прадставіў увазе слухачоў Божыя “інструменты”, з дапамогай якіх кожны можа супрацьстаяць спакусе, не трапіць у пасткі злога духа і не дазволіць вышэйзгаданым думкам развівацца: рахунак сумлення, Божае слова, духоўная літаратура (правераная часам і досведам у жыцці Касцёла), дапамога іншым людзям, дысцыпліна, духоўнае суправаджэнне (духоўны айцец, спаведнік, брат ці сястра ў Хрысце), Маці Божая (разважанні, малітва і асабістыя адносіны з Ёй), Божая воля (план, пакліканне, дары і таленты). Як было адзначана, усе гэтыя інструменты набываюць поўную моц у час Эўхарыстыі.

rec 1

На канферэнцыях рэкалекцыяніст выкарыстоўваў карціну англійскага мастака Уільяма Холмана Ханта “Вось, стаю ля дзвярэй і стукаю”, якая дапамагла падчас разважанняў на тэму таго, што адбываецца ў жыцці, калі не дапускаем у яго Хрыста – нашага Садоўніка. Адзначалася, як важна мець пастаянны кантакт з Найвышэйшым, упускаць Яго ў сферы жыцця, дазваляць выкарчоўваць “карані і пні” чалавечых пажаднасцяў, а таксама карыстацца пладамі любові і ласкі Нябеснага Айца.

Каштоўнай была таксама магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі, пачуць жывыя сведчанні з вуснаў мужчын пра тое, як Пан дзейнічае ў іх жыцці, сведчанні навяртання людзей, даведацца, як яны абараняюць вучэнне Хрыста не толькі сярод знаёмых, але і на месцах працы. Калі ж такія размовы праходзяць за сталом, дзе можна пачаставацца, гэта садзейнічае будаванню духоўнасці, перамяняе мысленне, раскрывае багацце Касцёла, паказваючы, што пазнанне Бога не абмяжоўваецца малітвай, а магчымае ў любых сферах і любых відах – галоўнае мець жаданне.