13 чэрвеня парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) адзначала традыцыйны фэст у гонар св. Антонія Падуанскага, прэзбітэра і доктара Касцёла.
Адпустовую ўрачыстасць у Адэльску, на сваёй малой радзіме, узначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
На Эўхарыстыі, якая цэлебравалася на палявым алтары побач з гістарычным касцёлам, сабраліся шматлікія вернікі – парафіяне і госці. Прыбылі таксама святары дэканату Гродна-Захад на чале з дэканам кс. Янам Рушніцкім.
Па традыцыі ў гэты дзень да цудатворнага абраза св. Антонія, славутага ласкамі, пілігрымуе шмат людзей, пераадольваючы нават вялікія адлегласці. Адэльская выява святога настолькі папулярная, што людзі называюць свайго апекуна Адэльскім Антоніем.
Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. Віталій Внароўскі.
У гаміліі арцыбіскуп эмерыт Кандрусевіч нагадаў, што святы Антоні быў вельмі вядомым прапаведнікам, які ўмеў пераконваць грэшнікаў. Таксама ён вядомы як мужны змагар з рознымі ерасямі, якія шырока распаўсюджваліся ў той час. Аднойчы, калі яго не захацелі слухаць людзі, ён пачаў прапаведваць рыбам. Тыя высоўвалі галовы з вады і ўважліва слухалі яго. Ератыкі, убачыўшы гэты цуд, сталі слухаць яго казанні.
Арцыбіскуп дадаў, што ў іканаграфіі гэты святы прадстаўляецца з кнігай Евангелля і Дзіцяткам Езусам на руках, тым самым кажучы засяродзіцца на асобе Езуса і на заўсёды актуальным і дзейсным Божым слове, каб знайсці страчаную веру.
Іерарх падкрэсліў, што, хоць мы часта губляемся ў жыцці і перажываем крушэнні нашага жыццёвага карабля, святы Антоні вучыць, што дзівосная ласка Божай любові і міласэрнасці прыходзіць да нас і ахінае ў складаныя хвіліны. Таму, адзначыў арцыбіскуп, кожны дзень нашага жыцця павінен быць напоўнены надзеяй на Божую дапамогу.
Іерарх завяршыў гамілію просьбай да святога Антонія быць для нас прыкладам жыцця згодна з духам Евангелля, дапамагчы захаваць веру і дасягнуць святасці, каб прыйсці ў радасць вечнага шчасця ў небе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: кс. Павел Эйсмант