
Прыняць Бэтлеемскі агонь беларускім харцэрам дапамагло Генеральнае консульства Польшчы.
– Польскія харцэрскія дружыны з памежных мястэчак у святочнай абстаноўцы перадалі нам святло з Бэтлеема, – распавяла намесніца старшыні беларускай арганізацыі “Харцэрства” Ганна. – Спадзяюся, што большасць гродзенцаў скарыстаецца магчымасцю ўзяць да сябе ў сям’ю частку агню з Бэтлеема.
Першай у Беларусі агонь супакою прыняла гродзенская катэдра.
– Ужо больш за 10 гадоў мы прывозім гэты агеньчык у Гродна, – распавёў пробашч Фарнага касцёла ксёндз Ян Кучынскі. – Бэтлеемскі агонь сімвалізуе мір і супакой. Мы бачым, як шмат людзей прыходзіць у наш касцёл, калі тут знаходзіцца Бэтлеемскі агонь. Прыходзяць і каталікі, і праваслаўныя, і веруючыя, і менш веруючыя людзі. Ён з’яўляецца як бы сімвалам адзінства для ўсіх людзей. Калі людзі прыносяць гэты агонь дамоў, у свае сем’і, ставяць на стале запаленую ад яго свечку, моляцца, асабліва 24 снежня ў час Вігіліі, то ў кожнай сям’і пануе дух радасці, супакою і еднасці. Таксама гэты агонь з Бэтлеема сімвалізуе нованароджанага Езуса, які сказаў: “Я ёсць святло, каб асвяціць усіх”.
Першымі Бэтлеемскі агонь прымаюць скауты з Аўстрыі. Яны перадаюць яго славенскім скаутам, пасля агонь трапляе да харцэраў Польшчы. Тыя перадаюць святло Бэтлеема беларускім харцэрам.
На ўрачыстую святую Імшу ў Фарны касцёл прыбылі харцэры з розных куткоў Беларусі, каб адвезці агонь у свае парафіі – са Смаргоні, Брэста, Віцебска, Мінска, Баранавіч, Ваўкавыска, Ліды.
Таксама эстафету Бетлеемскага агню з Гродна прымуць расійскія скауты. Адзін з іх, Саша Філін, прыбыў у Гродна з Ніжняга Ноўгарада:
– Мы сюды прыязджаем за Бэтлеемскім агнём ужо гадоў дзесяць. Пасля таго, як мы забяром агонь з Гродна, мы павязём яго праз Беларусь у Расію, перадаючы па дарозе ва ўсе каталіцкія і праваслаўныя храмы, дзе толькі зможам. У нядзелю святло будзе перададзена ў Маскву, дзе яго ўрачыста запаляць у Кляменцьеўскім касцёле. Пасля агонь перададуць у Ніжні Ноўгарад, Казань, на Урал і далей, куды максімальна здолеюць дабрацца скауты. Мы думаем, што ўсё-такі да Уладзівастока калі-небудзь Бэтлеемскі агонь і давязём.
На ўрачыстую св. Імшу ў катэдру прыбыло шмат вернікаў:
– Я ўпершыню прыехала ў катэдру менавіта ў дзень, калі сюды прыбыў Бэтлеемскі агонь, – распавяла адна з парафіянак. – Але так звычайна кожны год я прыязджаю, каб узяць святло з Бэтлеема, бо гэта агонь дабра, супакою, шчасця ў доме, і я хачу яго прынесці ў сваю сям’ю.
– Я вельмі чакаю прыйсця Езуса, Яго нараджэння. Агонь з’яўляецца сімвалам жыцця. Таму кожны чалавек прыходзіць сюды, каб узяць гэты агонь жыцця, – дадала іншая верніца.
Напрыканцы св. Імшы ксёндз Ян Кучынскі падзякаваў харцэрам “за іх дабрыню, за любоў да Бога і за вернасць”.
Запаліць свечку ці лампадку ад Бэтлеемскага агню ў катэдры можна будзе да 6 студзеня 2012 года.
Штогод аўстрыйскія скауты бяруць агонь у месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаслай лампадкі ў базіліцы Раства Хрыстова ў Бэтлееме і дастаўляюць яго на самалёце ў Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцей у катэдральным саборы ў Вене агонь перадаецца ў іншыя краіны.