4 чэрвеня ў смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла ўрачыста адзначылі юбілей 60-годдзя святарства і 70-годдзя манаскага жыцця ксяндза каноніка Здзіслава Вэдэра SDB.
На святкаванне прыбыло шмат шаноўных гасцей, сярод якіх былі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і Юрый Касабуцкі, сабраты салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB. Памаліцца за юбіляра сабраліся таксама сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, дзеці і моладзь, дыяцэзіяльныя святары і сёстры з іншых манаскіх супольнасцяў.
Перад распачаццем Імшы ксяндза Здзіслава ўрачыста ўвялі ў святыню, дзе сабраных прывітаў кс. Віктар Гайдукевіч, які заахвоціў усё духавенства цэлебраваць Найсвяцейшую Ахвяру за юбіляра, каб падтрымаць яго далейшае служэнне і праз гэта выказаць удзячнасць і адданасць.
Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Ва ўступным слове ён падзякаваў ксяндзу Здзіславу за вялікі ўнёсак у адраджэнне Каталіцкага Касцёла на Усходзе і Беларусі, адзначыўшы, што палову свайго святарскага шляху юбіляр прысвяціў менавіта Усходу, будучы інспектарам для салезіянаў з краін былога СССР. Ксёндз Здзіслаў працаваў у Маскве, у гродзенскай семінарыі і ў Смаргоні.
Гамілію прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх звярнуўся да ксяндза Здзіслава са словамі: “Сённяшні юбілей – нагода для шчырых разважанняў над гадамі манаскага і святарскага жыцця і для шчырай падзякі. Вы, ксёндз канонік, сёння дзякуеце Богу, аднак і Вам таксама дзякуюць Вашыя блізкія, праз прысутнасць іерархаў на сённяшнім юбілеі Вам дзякуе наш Касцёл, наша салезіянская Кангрэгацыя, Ваша манаская супольнасць і людзі, якія Вас вельмі паважаюць і любяць. Сапраўды, з Божай ласкі Вы сёння ёсць тым, чым ёсць, але калі гэтая Божая ласка не была ў Вас дарэмнай, то гэта Ваша заслуга”.
Далей біскуп разважаў над таямніцай паклікання, прывёўшы прыклад прарока Ераміі і св. Яна Хрысціцеля і вызначыўшы сакрэт поспеху ў манаскім і святарскім жыцці – гэта адданасць і трываласць. Завяршыў навуку іерарх такімі словамі: “Няхай Марыя Успамога Хрысціянаў дапаможа Вам трываць у школе Боскага Настаўніка і напісаць Вашым далейшым жыццём у пакліканні такі прыгожы аўтапартрэт, які напісаў святы Ян Хрысціцель. “Я не Месія. Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым” (пар. Ян 3, 28-30).
Пасля святой Імшы са словамі віншавання да шаноўнага юбіляра звярнуўся біскуп Юрый Касабуцкі, які распавёў гісторыю свайго знаёмства з ксяндзом Здзіславам, адзначыўшы ягоныя лагоднасць і ўвагу да кожнага. Біскуп Юрый параўнаў ксяндза Здзіслава з Бэтлеемскай зоркай, якая ззяе, каб весці за сабой да сустрэчы ў Божым Валадарстве.
Таксама ксёндз Віктар Гайдукевіч зачытаў віншаванні ад біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і інспектара салезіянскай інспекторыі ў Варшаве ксяндза Тадэвуша Ярэцкага.
Словы віншаванняў юбіляру выказалі сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, прадстаўнікі суполкі ADMA, шматлікія парафіяльныя колы.
На заканчэнне слова ўзяў сам юбіляр. Ён адзначыў, што, пачуўшы такую вялікую колькасць добрых слоў у свой адрас, адчуваў цеплыню і бачыў, што гэтыя словы ідуць ад сэрца. Святар сказаў, што за ўсё гэта ён у першую чаргу дзякаваў Усемагутнаму Богу, а таксама дзякаваў за дар паклікання, дадаўшы, што, сказаўшы Пану “так”, ён ніводнага разу не пашкадаваў.
Пасля Імшы ў араторыі, які працуе пры парафіі, адбыўся святочны канцэрт і ўрачысты абед.
Уладзіслаў Зарэцкі ASC