Skip to main content

Парафіяльная ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ў Тракелях

photo 2022 06 03 10 43 1331 мая, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, у Тракелях адзначалі парафіяльную ўрачыстасць. На ёй сабраліся святары з розных дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі, мясцовыя парафіяне і вернікі з навакольных парафій.

Святую Імшу ўзначаліў кс. Віталій Валюк, вікарый лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

На Імшы чытаўся ўрывак з Евангелля паводле Лукі, у якім расказваецца, што Марыя паспешна “вырушае ў шлях”, не губляючы часу. Як адзначыў у гаміліі дэкан дэканату Гродна-Захад кс. Ян Рушніцкі, Марыя “адразу пайшла служыць”, “Яна з’яўляецца Мадоннай, якая спяшаецца”. “У шматлікіх падзеях жыцця, калі мы патрабуем Яе дапамогі і заступніцтва, мы павінны памятаць, што Яна не прымушае нас чакаць Яе, бо гэта Маці, якая спяшаецца, адразу ідзе, каб служыць”, – дадаў святар.

Жыхары Тракеляў маюць унікальнае духоўнае месца, цэнтр прыцягнення шматлікіх паломнікаў – касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, які вядомы ў Беларусі і далёка за яе межамі дзякуючы цудадзейнаму абразу Маці Божай Тракельскай. З-за шматлікіх аздараўленняў і цудаў святыня лічыцца санктуарыем – асабліва намоленым месцам. І сапраўды, тут лягчэй дыхаецца, прасцей думаецца і шчыра верыцца.

З 2019 года ў парафіі стала традыцыяй у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ўзнімаць сцягі ў гонар сваёй каханай Матулі, гэта знак пашаны і ўдзячнасці вернікаў.

“Адведзіны, з якімі прыйшла Марыя, дапамагаюць лепш зразумець сэнс чалавечай сустрэчы. Марыя несла ў сабе Бога – і радасць ахапіла Альжбету і Яна ў яе ўлонні, – адзначыў на заканчэнне ўрачыстасці кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі. – Кожны раз, калі мы сустракаемся з кімсьці, мы прыносім Бога адзін аднаму; пачнем жа таксама прыносіць і радасць!”

“Знайдзіце час, каб няспешна прайсціся па прыгожых мясцінах Марыйнага саду, паглядзець і паслухаць, адчуць водар і гармонію прыроды, – заахвоціў кусташ. – Шпацыруючы, паўтарайце першы радок малітвы Марыі: “Велічае душа мая Пана”. Няхай перапоўняцца вашы сэрцы падзякай за ўсё, што вы чуеце і бачыце, да чаго дакранаецеся і што адчуваеце ў створаным Богам свеце”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі