Skip to main content

30-ы дзень смерці кс. прэлата Ежы Лявінскага адзначылі ў Гродне

30dzion 21 чэрвеня ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскім) адбылася святая Імша ў інтэнцыі кс. прэлата Ежы Лявінскага ў 30-ы дзень яго смерці.

На Эўхарыстыі ў найстарэйшай святыні горада сабралося духавенства і вернікі, удзячныя за дар жыцця і служэння ксяндза прэлата. Асісту падрыхтавалі студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якім ахвярна служыў кс. Лявінскі, шмат гадоў з’яўляючыся выкладчыкам і выхаваўцам будучых святароў.

Узначаліў Імшу, на якой маліліся аб жыцці вечным для спачылага, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

30dzion 10

У гаміліі кс. канонік Павел Шанчук, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы і дэкан дэканату Гродна-Усход, казаў пра ксяндза Ежы як пра руплівага душпастыра, які назаўсёды ўпісаўся ў гісторыю Касцёла на Гродзеншчыне, а ў памяці тых, хто яго ведаў, застанецца як апостал Божай Міласэрнасці.

Ксёндз Лявінскі вельмі шанаваў Езуса Міласэрнага, культ якога пашыраў на нашай зямлі. Ён заахвочваў усіх маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, падкрэсліваючы, што Пан Бог нікому не шкадуе сваёй ласкі, а дае яе з лішкам.

Таму прысутныя ў святыні прасілі Езуса Міласэрнага прыняць спачылага да хвалы неба, адарыўшы жыццём вечным.

Ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі нарадзіўся 2 студзеня 1930 г. у Дзятлаве. Разам з сям’ёй быў вывезены ў Сібір. Вышэйшую духоўную семінарыю скончыў у Сандаміры (Польшча), у тым жа горадзе 29 мая 1955 г. біскуп Ян Лорка ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

У савецкія часы ездзіў на душпастырскую працу ў Беларусь, Расію і Казахстан, дзе па меры магчымасці абвяшчаў Евангелле, цэлебраваў Імшу, спавядаў.

Пасля шасці гадоў душпастырскага служэння быў накіраваны на вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, пасля заканчэння якога абараніў кандыдацкую дысертацыю па кананічным праве.

З 1968 па 1990 гг. працаваў у дыяцэзіяльнай курыі ў Сандаміры. З пачатку існавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне быў яе выкладчыкам, некаторы час прэфектам.

З’яўляўся Ганаровым капеланам Яго Святасці, Грэміяльным канонікам Сандамірскага капітулу, Ганаровым канонікам Гродзенскага капітулу.

Заслужаны святар у Гродзенскай дыяцэзіі і ўсім Каталіцкім Касцёле ў Беларусі адышоў у вечнасць 3 мая ў Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат), куды трапіў з-за пагаршэння стану здароўя днём раней.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 Фота: Аляксей Ціхан