28 мая ў парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) адбылося вялікае свята. У гэты дзень святую Камунію ў першы раз прынялі тры групы маленькіх вернікаў, агульны лік якіх склаў каля 200 чалавек.
Па колькасці дзяцей, якія прыступілі да Першай Камуніі, гэта рэкорд сярод каталіцкіх парафій ва ўсёй Беларусі.
Да гэтай значнай падзеі дзяцей два гады рыхтавала с. Бернадэтта CSSH.
На Першую святую Камунію раніцай завітаў ксёндз Віталій Сідорка, які ў гаміліі параўнаў дзіцячае сэрца з клінкерам.
“Клінкер – гэта цэгла, якая вырабляецца пад вялікай тэмпературай. І толькі па гэтай прычыне становіцца тым, чым ёсць. У кожнага чалавека ёсць і будуць розныя цяжкасці ў жыцці. Толькі з Богам можна ўсё пераадолець”, – разважаў святар.
Да іншай групы дзяцей завітаў ксёндз Віктар Ханько, які заахвоціў кожнага з іх старацца прыносіць плён у духоўным жыцці.
На кожнай святой Імшы пробашч парафіі ксёндз канонік Павел Салабуда звяртаўся да бацькоў, заклікаючы іх рабіць усё для духоўнага выхавання сваіх дзяцей.
“Як важна сёння чалавеку быць моцным у Богу, асабліва маладому чалавеку. Свята Першай святой Камуніі – гэта той момант для нас усіх, калі Бог, прысутнічаючы ў жыцці кожнага, умацоўвае нас у веры”, – заўважыў кс. Павел.
На заканчэнне кожнай Імшы пробашч прасіў дзяцей быць вернымі Богу і ўмацоўваць сваю веру. А бацькі, дзякуючы парафіі за час, прысвечаны дзецям, падарылі касцёлу звон.
Наталля Лазоўская
Фота: Віталій Шмурай