20-21 мая ў Навагрудку прайшоў першы ў Беларусі Біблійны кангрэс на тэму “Сінадальнасць у Святым Пісанні”.
Кангрэс адкрыў сваім прывітальным словам ганаровы госць мерапрыемства, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Зацытаваўшы словы св. Іераніма “Няведанне Святога Пісання з’яўляецца няведаннем Бога“, іерарх зазначыў, што шлях хрысціяніна – жыццё паводле Божай волі, якая запісана ў Бібліі.
З дакладамі выступілі выкладчыкі Біблійнай школы “Прафэтэс“, вядомыя біблісты і тэолагі з усёй Беларусі: кс. д-р Сяргей Сурыновіч, д-р Уладзіслаў Валаховіч, кс. д-р Аляксандр Мацкевіч, кс. канонік Юрый Санько, д-р Ірына Дубянецкая, а. Аркадзь Куляха OCD. Таксама ў кангрэсе ўдзельнічала ўся супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з выхаваўцамі, выпускнікі і слухачы Біблійнай школы “Прафэтэс“, святары і вернікі навагрудскай парафіі, госці з усёй краіны.
Кангрэс быў між іншым прымеркаваны да выпуску навучэнцаў Біблійнай школы “Прафэтэс“, якія паўтара гады таму распачалі сваё навучанне ў Навагрудку. На заканчэнне кангрэсу 16 выпускнікоў школы атрымалі з рук арцыбіскупа Юзафа Станеўскага дыпломы. На пачатку навучання налічвалася каля 50 чалавек з усіх дыяцэзій Беларусі, якія раз у месяц прыязджалі на лекцыі. Кожны з’езд распачынаўся ў пятніцу, налічваў сем акадэмічных гадзінаў і завяршаўся ў першай палове нядзелі, лекцыі чыталі біблісты, дактары тэалогіі, святары і свецкія асобы.
На працягу ўсяго часу навучання курс наведвала каля 20-30 чалавек. Курс прадугледжваў апрацоўванне ўсяго Святога Пісання, кніг Старога і Новага Запаветаў, асновы грэцкай і габрэйскай моваў, асновы біблійнай герменеўтыкі, экзэгезіс Святога Пісання. Курс не быў выключна набываннем святых ведаў, існаваў таксама і духоўны складальнік: кожны дзень цэлебравалася святая Імша, адбывалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і начныя адарацыі па ініцыятыве саміх навучэнцаў. Сустрэчы біблійнай школы мелі і рэкрэацыйны характар, таму што на кожным з’ездзе вечарам за гарбатай праходзілі таварыскія гутаркі, падчас якіх навучэнцы дыскутавалі на цікавыя актуальныя тэмы з жыцця Касцёла.
Усе лекцыі ў школе рэгістраваліся на відэа, і магчыма, што ў бліжэйшай будучыні з’явіцца поўны біблійны відэакурс, які налічвае больш за сто відэалекцый.
Кс. Юрый Жэгарын
Фота: Марына Валасар