9 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (дэканат Гродна-Захад).
На Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці 48 чалавекам, пераважную частку з якіх склалі маладыя людзі.
У касцёле сабраліся іх родныя і блізкія, а таксама сведкі канфірмацыі, чыёй задачай з’яўляецца клопат пра тое, каб канфірмаваныя спаўнялі абавязкі, якія вынікаюць з прыняцця гэтага сакрамэнту.
Да Эўхарыстыі далучыліся з нагоды Тыдня малітваў аб пакліканнях да служэння ў Касцёле студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія на Імшы ўтваралі асісту.
На пачатку літургіі біскуп папрасіў усіх прысутных агарнуць малітвай кандыдатаў да канфірмацыі, а таксама маліцца аб новых, шматлікіх і святых пакліканнях да святарства, манаскага жыцця і місіянерскай дзейнасці, каб на нашай зямлі ніколі не было недахопу ў тых, хто абвяшчае Божае слова і ўдзяляе сакрамэнты.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. Юрый Марціновіч падкрэсліў, што сакрамэнт хрысціянскай сталасці не змяняе чалавека фізічна, але, калі прымаецца з верай, то грунтоўным чынам аднаўляе яго духоўна, а самае важнае – узбагачае кожнага многімі дарамі.
“Пакідаючы сёння святыню, вы выйдзеце знешне тыя ж самыя, але ўнутрана адноўленыя і ўзбагачаныя, больш пабожныя, верныя, мудрыя, разумныя, прыгожыя, каб сведчыць пра вялікую любоў Бога”, – сказаў святар.
На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч звярнуўся да тых, хто прыняў дары Духа Святога ў канфірмацыі. Іерарх адзначыў, што сённяшняму свету патрэбныя святыя святары, сёстры законныя, а таксама святыя маці, бацькі, урачы, настаўнікі і іншыя.
Таму, па словах пастыра дыяцэзіі, Касцёл глядзіць з надзеяй на маладых людзей, якія будуць здольныя адказаць на прапанову Езуса Хрыста, што запрашае іх да свайго служэння.
Паколькі зараз праходзіць Тыдзень малітваў аб пакліканнях да служэння ў Касцёле, біскуп Гродзенскі папрасіў усіх асабліва маліцца аб новых працаўніках у вінаградніку Пана. Юнакоў і дзяўчат іерарх заахвоціў не баяцца прыняць запрашэнне Езуса і маліцца аб распазнанні свайго жыццёвага паклікання.
Біскуп падкрэсліў, што Дух Святы, які сыходзіць на чалавека ў сакрамэнце канфірмацыі, будзе дапамагаць у прыняцці штодзённых і жыццёва важных рашэнняў, дастаткова толькі адкрыць сваё сэрца на дзеянне Бога і ўважліва ўслухоўвацца ў Яго голас.
Пробашч парафіі кс. Аляксандр Раманоўскі падзякаваў усім за ўдзел у супольнай малітве. Ён выказаў падзяку таксама святарам на чале з дэканам кс. Янам Рушніцкім, якія прыбылі на гэтую літургію, і катэхетам, якія адпаведным чынам падрыхтавалі моладзь да прыняцця сакрамэнту.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі