8 мая, у нядзелю Добрага Пастыра, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы (дэканат Гродна-Усход).
На ўрачыстай святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе маладых людзей, якія былі адпаведна падрыхтаваны да гэтай важнай у іх жыцці падзеі праз удзел у катэхезе, літургіі і прыступілі да сакрамэнту пакаяння.
Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле, каб ніколі не было недахопу ў адважных вестунах Божага Евангелля.
З нагоды нядзелі Добрага Пастыра, якая з’яўляецца Сусветным днём малітвы аб пакліканнях, біскуп Кашкевіч адзначыў у гаміліі, што жаданне Езуса – сабраць усё чалавецтва вакол сябе, каб усе маглі быць збаўлены.
Па словах іерарха, у свеце, аднак, усё яшчэ шмат людзей, якія ніколі не чулі пра Езуса і не належаць да Яго аўчарні – Касцёла. Для іх яшчэ не настала хвіліна сустрэчы з Добрым Пастырам, хвіліна, калі яны пачуюць Яго голас.
Біскуп падкрэсліў, што ў нядзелю Добрага Пастыра ўвесь Касцёл узносіць малітвы аб новых шматлікіх святарскіх, манаскіх і місіянерскіх пакліканнях. “Молімся, бо ведаем, як моцна сучаснаму свету патрэбны вестуны Евангелля. А паколькі пакліканні – Божы дар, трэба аб гэтым дары маліцца”, – дадаў ён.
Звяртаючыся да моладзі, якая прымала ў гэты дзень сакрамэнт хрысціянскай сталасці, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне нагадаў, што свету патрэбны не толькі святары і законныя сёстры, місіянеры і катэхеты.
“Свету патрэбны пабожныя, святыя, умелыя, мудрыя бацькі і маці, мужы і жонкі, урачы і настаўнікі, рабочыя і сяляне, кіраўнікі і прадпрымальнікі”, – сказаў біскуп.
Ён заклікаў маладых людзей быць вернымі Хрысту, жыць Яго навукай, не занядбоўваць малітвы і сакрамэнтаў, рупліва і старанна спаўняць свае абавязкі, рэалізуючы сваё жыццёвае пакліканне з запалам і любоўю. “За кожную ж ахвяру, адрачэнне, прысвячэнне сябе Богу і бліжнім атрымаем шчодрую ўзнагароду, якая не праміне”, – дадаў іерарх.
На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч кс. Павел Урбан падзякаваў пастыру дыяцэзіі за ўмацаванне маладых людзей праз сакрамэнт хрысціянскай сталасці для вызнавання веры і за малітву ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі