
Выстава з рэдкіх здымкаў і ілюстрацый з гісторыі гэтага шматпакутнага храма падрыхтавана Кніжнай серыяй "Гарадзенская бібліятэка".
Гэта быў першы каталіцкі храм у Гродне. Дакладная дата яго пабудовы невядомая, але драўляны касцёл згадваецца ў княскім прывілеі, дадзеным гродзенцам у 1389 годзе. Будаўніцтва мураванага касцёла звязваюць з дзейнасцю ў Гродне караля Стэфана Баторыя. Касцёл быў канчаткова пабудаваны ў 1586 годзе. Па сваіх памерах ён лічыўся самым вялікім храмам на беларускіх землях.
Касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны ў розныя часы называўся па-рознаму: Фара Вітаўта, Сафійскі Сабор, Гарнізонны касцёл. Ягоны лёс быў незайздросны: храм неаднаразова знішчаўся ў пажарах. Чарговы пажар у 1793 годзе настолькі сур’ёзна пашкодзіў касцёл, што назву “Фарны” аддалі былому касцёлу езуітаў.
Пасля ўваходу Гродна ў склад Расійскай імперыі касцёл аддалі праваслаўным – так касцёл стаў Сафійскім саборам. Апошняя праваслаўная літургія была праведзена ў храме ў снежні 1918 года, пасля чаго сабор зноў перадалі католікам. У 20-30-х гадах, пасля дзвюх няўдалых спроб перабудовы касцёла, ён стаў называцца гарнізонным.
За гады вайны Фара амаль не знішчылася. Горш касцёлу было ўжо пасля Вялікай Айчыннай: у касцёле знаходзіліся склады збожжа, тканін і інш. Былі нават планы спачатку зрабіць з касцёла кінатэатр, а пасля ўвогуле размясціць там спартыўную залу. Але касцёл урэшце дачакаўся найгоршага лёсу – 8 сакавіка 1961 года была прынята пастанова знесці будынак самага першага каталіцкага храма ў Гродне, што і ажыццявілася: у ноч на 29 лістапада 1961 года ленінградская група падрыўнікоў знішчыла Фару Вітаўта…
Для падрыхтоўкі матэрыяла быў выкарыстаны артыкул Віктара Саяпіна на http://harodnia.com.