Skip to main content

Вялікая субота ў парафіі Святога Духа ў Гродне: Езус на крыжы ахінае нас усіх, каб прывесці да Бога

alszanka sb 7У нашым матэрыяле – пра тое, як правяла Вялікую суботу і адзначыла Пасхальную вігілію парафія Святога Духа ў Гродне (Альшанка)

Вялікая субота – дзень чакання. Сорак дзён Вялікага посту ўжо за намі. Сорак дзён цішыні. Сорак дзён малітвы. Сёння кожны католік павінен задаць сабе пытанне: а ці змяніўся я за гэты час?

Трэці дзень Трыдууму – гэта асаблівы дзень. Чым ён адрозніваецца? У гэты дзень вернікі рыхтуюцца да святкавання Вялікадня, якога так доўга чакалі. Фарбуюцца яйкі, благаслаўляюцца стравы на велікодны стол, але галоўнае – гэта малітва.

alszanka sb 8Вялікая субота пачалася ў парафіі Святога Духа з благаслаўлення велікодных страваў. Варта памятаць, што гэта не галоўная рэч, а толькі сімвал. Мала толькі прыйсці раз у год з кошыкам у святыню і прынесці ахвяру на Касцёл. Увесь дзень у парафіі працягвалася адарацыя Езуса ў грабніцы і існавала магчымасць споведзі. Кожны жадаючы мог прыйсці ў капліцу і ў цішыні пабыць са сваім Збаўцам.

А ўжо ўвечары вернікі сабраліся разам на літургіі Пасхальнай вігіліі, каб першымі спаткацца з уваскрослым Хрыстом.

“Крыж – гэта мост паміж намі і Богам, паміж небам і зямлёй. Езус на крыжы ахінае нас усіх, каб прывесці да Бога”, – разважаў у гаміліі вікарый парафіі ксёндз Андрэй Струкель.

Пасля Імшы пачалася адарацыя перад гробам Пана, якая працягваецца ўсю ноч.

Парафія Святога Духа віншуе ўсіх чытачоў Grodnensis.by са святам Вялікадня! Хрыстус уваскрос!

Наталля Лазоўская