14 красавіка, у Вялікі чацвер, у лідскай парафіі Святой Сям’і павялічылася супольнасць міністрантаў.
На Імшы Вячэры Пана ў літургічную службу алтара было прынята 14 хлопцаў. Пробашч парафіі кс. Руслан Мазан благаславіў комжы новых міністрантаў.
Іх жаданне прыслужваць падчас Імшы ля алтара было адказам на любоў Бога. На працягу катэхетычнага года яны з дапамогай святара рыхтаваліся да гэтай важнай падзеі ў іх жыцці. Хлопцы рыхтаваліся стаць міністрантамі праз супольныя сустрэчы, малітву і забавы.
Разам са святаром яны вывучалі як тэорыю, так і практыку, знаёміліся з асновамі служэння ля алтара і ў канцы паспяхова здалі экзамен.
У маладой лідскай парафіі ўжо налічваецца каля 70 міністрантаў. Старэйшыя міністранты з вялікай радасцю прынялі новых.
Віталій Гурэц