14 красавіка Каталіцкі Касцёл распачаў Святы Пасхальны Трыдуум – час, каб сцішыцца і паразважаць пра сваё жыццё і пра ролю Бога ў ім. Вялікі чацвер – гэта асаблівы дзень, калі Хрыстус устанавіў адразу два сакрамэнты: Эўхарыстыі і пасвячэння.
Прапануем правесці гэтыя апошнія дні Вялікага посту разам з гродзенскай парафіяй Святога Духа (Альшанка).
Традыцыйна Вялікі чацвер у парафіі пачынаецца святой Імшой, на якой вернікі віншуюць святароў з прафесійным святам, а заканчваецца адарацыяй, падчас якой ёсць магчымасць спяваць Песні жалобы, а таксама пабыць сам-насам з Богам, які штодзённа чакае кожнага.
Ксёндз Валерый Спірыдон, якія служыць у гэтай парафіі вікарыем, разважаў у гаміліі пра важнасць сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння, адзначыўшы, што няма Эўхарыстыі без святара, як і няма святара без Эўхарыстыі. Але, дадаў ён, вельмі часта чалавек забывае, што Езус заўсёды побач з намі – не толькі ў касцёле, не толькі падчас Імшы, але і ў штодзённым жыцці кожнага з нас.
“Ці ты памятаеш, што каля цябе стаіць Езус, калі кажаш непрыемныя словы іншаму чалавеку? Ці ведаеш, што Ён побач, калі ты сварышся з роднымі? А ці ты сапраўды верыш у гэта? Здаецца, што на пачатку ўсе ўпэўнена адказваюць “так”. Але ці рабіў бы ты тое самае, калі б бачыў Езуса каля сябе? Ці крыўдзіў бы іншага? Сварыўся б з жонкай? Ці смяяўся б з сябра? І вось тут пачынаеш разумець, якая твая вера і якія твае адносіны з Богам”, – такімі былі разважанні святара.
Гэтыя разважанні схіляюць задумвацца пра сваё жыццё і задаваць сабе пытанне: “А ці правільна я раблю?” І вельмі добра, калі чалавек думае на гэтыя тэмы. Бо асабліва сёння, на пачатку Пасхальнага Трыдууму, у галоўныя дні літургічнага года, варта сцішыцца і прыйсці да Езуса, які ўжо вельмі хутка чарговы раз аддасць сваё жыццё за цябе, каб ты мог быць побач з Ім у небе!
Наталля Лазоўская