1-2 красавіка ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско пры парафіі св. Міхала Арханёла адбыўся адмысловы адпачынак для міністрантаў.
Як паведамляе sdb.by, у дні адпачынку, арганізаванага ў канцы веснавых вакацый, хлопцы мелі магчымасць памаліцца, пагуляць у розныя гульні і проста добра правесці час. У сустрэчы прынялі ўдзел 18 міністрантаў.
Пачалі свой адпачынак хлопцы з супольных гульняў у араторыі і на спартыўнай пляцоўцы пры ім. Пасля добрага пасілку быў прагляд фільма. У канцы першага дня семінарыст Міхаіл Вішнеўскі SDB звярнуўся да прысутных са слоўкам, у якім падкрэсліў, як важна выкарыстоўваць розныя перашкоды і цяжкасці для ўзрастання ў веры і заставацца верным на сваім шляху пілігрымавання да Нябеснага Айца.
Другі дзень адпачынку міністранты распачалі са святой Імшы з удзелам парафіяльнай супольнасці. Пасля быў час як на забаву, так і на сур’ёзныя моманты. На заканчэнне адбыўся абед, на якім прысутнічалі і іншыя сабраты-салезіяне са смаргонскай парафіі.