2 красавіка ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) прайшоў майстар-клас для дзяцей па размалёўцы велікодных яек-пернікаў.
Сустрэча наймалодшых парафіян адбылася пры падтрымцы пробашча кс. каноніка Уладзіміра Гуляя.
Нягледзячы не нечаканы снег у гэтую раніцу, у катэхетычным класе панавала велікодная атмасфера.
Дзеці разам з с. Галінай Занеўскай CSFN размалёўвалі пернікі, вырабленыя ў форме яек. Яны ўпрыгожвалі велікодныя ласункі рознымі малюнкамі, пачынаючы ад зорак і кветак і заканчваючы складанымі ўзорамі.
Гэтая праца, хоць і патрабавала сканцэнтраванасці і мастацкіх навыкаў, прынесла вельмі шмат радасці і весялосці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі