27 лютага Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат).
Раніцай іерарх узначаліў святую Імшу ў капліцы Хрыста Валадара Сусвету і Маці Божай Фацімскай у Жамыслаўлі. Разам з вернікамі і пробашчам кс. Аляксандрам Лебядзевічам ён маліўся за ўсю парафію і Касцёл на Беларусі.
У гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу на адносіны паміж людзьмі, на дабро і зло. Іерарх адзначыў, што кожны чалавек павінен працаваць над сабой, каб з любоўю і супакоем адносіцца да тых, хто яго акружае, і толькі тады навокал будзе мір і згода.
Дзякуючы святарскай паслузе кс. Юрыя Ясевіча вернікі маглі прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Напрыканцы Эўхарыстыі прысутныя шчыра падзякавалі іерарху за сустрэчу і супольную малітву і пажадалі плённай працы на святой Божай ніве.
У касцёле св. Уладзіслава ў Суботніках вернікі з радасцю сустрэлі шаноўнага госця, паабяцалі сардэчную малітву і прывіталі радасным спевам. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў Эўхарыстыю, якую канцэлебравалі пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч і кс. Юрый Ясевіч, у інтэнцыі міру і згоды ў нашай краіне і ў суседзяў, асабліва ва Украіне.
Арцыбіскуп заахвоціў вернікаў да частай споведзі і святой Камуніі, каб мы былі моцнымі Божай моцай. Ён дадаў, што тады нашыя словы, з якімі мы звяртаемся да братоў і сясцёр і ў якіх працягваем да іх руку на супакой і згоду, ніхто не зможа адкінуць, бо будуць бачыць жывое Евангелле нашых сэрцаў.
“Няхай супакой Пана, які Ён перадаў сваім апосталам і які Ён здабыў праз муку, смерць і Змёртвыхпаўстанне сваё, сённяшні свет, нас, нашых суседзяў натоліць еднасцю, згодай і тым мірным сонцам над намі”, – сказаў іерарх.
Падчас Імшы маленькі хлопчык Канстанцін, якога ў святыню прынеслі бацькі і хросныя, атрымаў сакрамэнт хросту. Па традыцыі на ганаровым месцы ў касцёле прысутнічалі сужэнцы, якія ў мінулую суботу ўрачыста абяцалі адно аднаму перад Богам жыць у любові, вернасці і пашане.
Напрыканцы Імшы святары і вернікі памаліліся “Тваёй абароне”, аддаючы Маці Божай у апеку ўвесь свет і просячы аб міры і згодзе. Парафіяне і пробашч падзякавалі Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму за візіт у парафію і запэўнілі ў гарачай малітве, а таксама пажадалі шчыра служыць Езусу на абраным шляху.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі