12 лютага міністранты парафіі Святой Сям’і ў Лідзе сабраліся на дзень засяроджання. У дні адпачынку, сумеснай малітвы і праслаўлення Бога ўдзельнічалі каля 20 юнакоў.
Сустрэча была прысвечана тэме жыцця і паклікання св. Станіслава Косткі.
Першы этап сустрэчы быў прысвечаны малітве, якая з’яўляецца часткай жыцця кожнага веруючага чалавека. У сваёй малітве міністранты прасілі аб моцнай веры для сябе, аб святасці ў сваім жыцці, а таксама новых і святых пакліканнях да святарства і манаства.
Другі этап быў прысвечаны жыццю св. Станіслава Косткі. Хлопцы разважалі пра святасць жыцця, пра тое, як ужо ў такім маладым узросце можна служыць Богу і людзям, яскравым прыкладам чаго з’яўляецца святы Станіслаў. Юнакі паабяцалі, што будуць на яго прыкладзе імкнуцца да святасці свайго жыцця.
Трэці этап быў прысвечаны сумеснаму адпачынку. Міністранты разам з ксяндзом Андрэем Белаблоцкім прыгатавалі каўбаскі і разам выдатна правялі час, у размовах абмяркоўваючы пытанні, якія іх хвалююць.
Сярод міністрантаў парафіі ёсць і юныя спартсмены. Апошнім этапам сустрэчы было наведванне хакейнага матчу з удзелам аднаго з міністрантаў. Удзельнікі сустрэчы падтрымлівалі яго, перажываючы за свайго сябра.
Хлопцы былі вельмі шчаслівыя, што маглі быць на дні засяроджання разам, і з нецярпеннем чакаюць наступнай сустрэчы.
Віталій Гурэц