У студзені выйшаў у свет зборнік па навукова-тэалагічнай праблематыцы “Studia Theologica Grodnensia”, выдадзены Гродзенскай дыяцэзіяй. Гэта ўжо 14-е выданне, якое змяшчае прафесійныя працы аўтараў, што з’яўляюцца вядучымі спецыялістамі ў сваіх галінах навукі.
Нумар адкрывае артыкул вядомага дзеяча ў галіне хрысціянскай духоўнасці і містыкі прафесара Станіслава Урбанскага “Святасць хрысціяніна ў святле апостальскай адгартацыі Gaudete et Exsultate Папы Францішка”.
У зборніку знаходзяцца таксама навуковыя артыкулы мясцовых святароў. Напрыклад, кс. Яўген Амасёнак разважае над малітвай Езуса ў святле традыцыі праваслаўнай духоўнасці, асабліва ў тым, што датычыцца манаства і пустэльніцтва.
Ксёндз доктар Юрый Бяганскі ў артыкуле на літургічна-душпастырскую тэматыку разважае пра ролю маўчання ў літургіі. Аўтар падкрэслівае важнае значэнне і багатую сімволіку маўчання ў час літургічнай цэлебрацыі.
Прысутнічаюць таксама артыкулы свецкіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі. Тыя, хто цікавіцца гісторыяй Ордэну езуітаў і манаскага дома Таварыства Езуса ў Гродне, знойдуць артыкул доктара Уладзіміра Ляўшука, у якім аўтар апісвае і аналізуе найважнейшыя этапы развіцця гродзенскай місіі ад яе заснавання ў 1622 г. да моманту ліквідацыі ў 1773 г.
Выхаваўчая і асветніцкая дзейнасць манаскіх ордэнаў і супольнасцяў у XVI-XVIII стагоддзях на тэрыторыі сённяшняй Гродзеншчыны – прадмет аналізу Вольгі Голуб. Аўтар артыкула падкрэслівае ролю шматлікіх школ і калегій, якімі кіравалі супольнасці езуітаў, дамініканаў, піяраў, бэрнардынаў, францішканаў, кармэлітаў і інш.
Рэдакцыйная калегія разлічвае, што гэты зборнік знойдзе сваіх чытачоў сярод шматлікіх зацікаўленых асобаў i будзе заахвочваннем да навуковай актыўнасці ў сферы пазнання тэалагічнай праўды духавенствам і свецкімі вернікамі, якім важная праблематыка жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла.
Таксама рэдакцыйная калегія заахвочвае да супрацоўніцтва ўсіх, хто жадаў бы падзяліцца з шырокай грамадскасцю здабытымі ведамі, вынікамі ўласнага aналізу і навуковых даследаванняў.
Зборнік навуковых артыкулаў “Studia Theologica Grodnensia” заснаваны ў 2007 г. Iніцыятарам дадзенага навуковага выдання – першага такога роду як у Касцёле на Гродзеншчыне, так і ў Касцёле на Беларусі, – з’яўляецца біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Зборнік можна набыць у сакратарыяце біскупскай курыі ў Гродне (вул. Карла Маркса, 4).
Кс. Юрый Марціновіч