Skip to main content

8 лютага – дзень малітвы за ахвяр гвалту, прастытуцыі і гандлю людзьмі

p 2020 07 30 ingress8 лютага, ва ўспамін св. Жазэфіны Бакіты,па ініцыятыве Папы Францішка ў паўсюдным Касцёле адбудзецца Міжнародны дзень малітвы і разважання ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі.

Сёлета яго дэвіз – “У клопаце сіла – жанчыны, гаспадарка, гандаль людзьмі”. Тэма была выбрана пасля таго, як у мінулым годзе пачалося разважанне над сувяззю гаспадаркі з гандлем людзьмі.

Гэты дзень з’яўляецца нагодай ахапіць малітвай як мігрантаў, бежанцаў і ўсіх людзей, якія перамяшчаюцца па свеце, так і ўсе арганізацыі і асобаў, якія дзейнічаюць на карысць справядлівасці і абароны правоў тых, хто знаходзіцца ў сітуацыях рызыкі і пераносіць жыццёвыя драмы.

Міжнародны дзень малітвы і разважання ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі ўстанавіў Папа Францішак у 2015 г. у літургічны ўспамін св. Жазэфіны Бакіты (1869-1947), якая паходзіла з Судана, у 7 гадоў трапіла да арабскіх гандляроў і была прададзена ў няволю. Пасля многіх цярпенняў яна трапіла ў італьянскую сям’ю, а адтуль у супольнасць Сяcцёр Дачок Любові, Служак Бедных св. Магдалены з Каносы. Там яна прыняла святыя сакрамэнты і манаскія абяцанні.

Mалітва на Міжнародны дзень малітвы і разважання ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі

Божа, калі мы чуем голас жанчын, мужчын і дзяцей, ашуканых

і выкрадзеных з мэтай сексуальнай эксплуатацыі, прымусовай працы

i пазбаўлення органаў, нашы сэрцы ахоплівае смутак і мы ўзрушаны,

бо нашы браты і сёстры пазбаўлены годнасці, іх правы не шануюцца,

яны запалоханы, падмануты і перажываюць насілле.

Божа, дапамажы нам супрацьстаяць у нашым жыцці ўсялякім формам нявольніцтва.

Просім Цябе разам са святой Бакітай, каб спыніўся гандаль людзьмі.

Дай нам мудрасць і сілу, каб быць побач з усімі тымі, чыё цела, сэрца і дух былі паранены.

Няхай з нашай дапамогай спаўняюцца ў жыцці нашых братоў і сясцёр, якіх выкарыстоўвалі,

Tвае абяцанні і жаданні, каб кожны чалавек адчуваў

Tвой клопат і чулую любоў.

Навярні, Пане, усіх тых, якія займаюцца гандлем людзьмі і дапускаюць гэтае злачынства, перамяні іх сэрцы.

Падтрымлівай нашу прыхільнасць свабодзе, якая ёсць Тваім дарам для ўсіх Тваіх дзяцей.

Aмэн.