Skip to main content

Біскуп Гродзенскі прыняў удзел у сустрэчы прадстаўнікоў духавенства дзвюх канфесій у Лідзе з мэрам горада

lida 926 студзеня ў Лідскім замку адбыўся ўрачысты прыём прадстаўнікоў каталіцкай і праваслаўнай канфесій, якія дзейнічаюць у Лідскім раёне.

Сустрэча адбылася з ініцыятывы мясцовых уладаў.

На прыёме прысутнічалі старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік і старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. Каталіцкі Касцёл прадставіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Праваслаўную Царкву – епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый.

У ходзе сустрэчы прадстаўнікі мясцовых уладаў казалі пра дасягненні і развіццё рэгіёна, праекты, якія рэалізуюцца і плануюцца, планы на будучыню і ролю духавенства ў грамадстве.

Прадстаўнікі ўлады падзякавалі святарам за працу і шматгадовае служэнне, уручылі ім фотаальбомы “Лида. Путешествие во времени”, кветкі і ганаровыя граматы.

lida 1

Старшыня райвыканкама падзякаваў духавенству дзвюх канфесій за ўмацаванне духоўна-маральных традыцый.

У сваю чаргу біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падчас сустрэчы адзначыў, што яна праходзіць у вельмі сімвалічны час, якраз пасля заканчэння Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, і з’яўляецца быццам яго працягам.

Таму іерарх выказаў надзею, што на нашых землях будуць і далей жыць разам у такім адзінстве і міры ўсе канфесіі. Ён падкрэсліў, што вельмі важна, каб ва ўсіх сем’ях панавалі згода, любоў і еднасць і каб Бога ніколі не падзялялі на “вашага” і “нашага”, бо ўсе мы дзеці Божыя.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі