Skip to main content

Фестываль калядных песень “Gloria in Excelsis Deo” прайшоў у Іўі

festywal iue 2123 студзеня ў Іўі адбыўся 19-ы фестываль калядных песень і пастаралак “Gloria in Excelsis Deo”. Падкрэсліваючы значнасць музычнага форуму, сваё слова да ўдзельнікаў фестывалю сёлета скіраваў біскуп Гродзенскi Аляксандр Кашкевіч.

Фестываль распачаўся святой Імшой у іўеўскім касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла, якую ўзначаліў біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна ксёндз канонік Уладзімір Гуляй. У гаміліі ён звярнуў увагу на тое, як мы перажываем радасны перыяд Нараджэння Збаўцы.

У гэтым годзе “Gloria in Excelsis Deo” сабраў каля 120 удзельнікаў з амаль усіх парафій Іўеўшчыны ў розных намінацыях: салісты, хоры, дуэты, трыо.

На пачатку фестывалю ксёндз Уладзімір прачытаў прывітальнае слова біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Іерарх падкрэсліў, што гэтая штогадовая рэлігійная і культурная падзея нязменна карыстаецца вялікай цікавасцю як жыхароў Іўя, так і шматлікіх гасцей, якія прыбываюць з блізкага і больш далёкага наваколля, каб пазнаёміцца з багаццем музычных твораў каляднай тэматыкі, а таксама з прыгажосцю іншых традыцый і звычаяў, звязаных са святкаваннем Нараджэння Пана.

“Для выканаўцаў касцёльнай музыкі – парафіяльных гуртоў, хораў і салістаў – фестываль з’яўляецца цудоўнай нагодай прэзентаваць шырокай грамадскасці ўласныя таленты, бо атмасфера здаровай, цёплай і сяброўскай рэалізацыі, якая пануе на ім, мабілізуе ўдзельнікаў да пастаяннага ўдасканальвання сваіх вакальных і артыстычных уменняў”, – напісаў іерарх.

Біскуп адзначыў, што найважнейшым вымярэннем фестывалю з’яўляецца яго духоўнае пасланне – праслаўленне Сына Божага Езуса Хрыста, які з любові да чалавека прыйшоў у гэты свет, каб прынесці нам найкаштоўнейшы дар – вечнае збаўленне.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў усім, хто на працягу многіх гадоў стварае фестываль, удзельнічае ў ім і арганізоўвае яго, а таксама падкрэсліў, што гэта з’яўляецца прыгожай мясцовай традыцыяй.

Звярнуўся да прысутных і пробашч іўеўскай парафіі ксёндз Павел Калеснік. Ён падзякаваў валанцёрам і духоўным асобам за падрыхтоўку фестывалю, а асаблівую падзяку выказаў свецкім арганізацыям, якія з вялікай ахвотай усебакова дапамаглі ў стварэнні прыгожага свята.

festywal iue 37

Прысутнічаў таксама старшыня іўеўскага райвыканкама Ігар Генец. “Самае прыгожае тое, што ў фестывалі ўдзельнічаюць дзеці, бо яны займаюцца культурай, а культура яднае нас”, – сказаў Ігар Мікалаевіч.

Распачаўся фестываль нумарам танцавальнага калектыву “Хорошенькие” дзіцячай школы мастацтваў. Падчас канцэрту дзеці і моладзь з вялікай радасцю і энтузіязмам паказвалі свае таленты і праслаўлялі Езуса. Былі нават незвычайныя нумары, напрыклад, Антон Шукаў выканаў песню “Белыя, бялюткія анёлы”. Твор Кшыштафа Каміля Бачынскага ён пераклаў на музыку, якую напісаў сам.

Жамчужынай фестывалю стала выступленне гурту, у склад якога ўвайшлі кіраўнікі парафіяльных груп, святары і законныя сёстры. Іх спеў выклікаў у гледачоў жаданне танцаваць.

У канцы кожны ўдзельнік атрымаў падарунак.

festywal iue 65

Фестываль завяршыўся песняй у выкананні ўсіх удзельнікаў пад моцныя апладысменты гледачоў.

Тэлеверсію фестывалю ў хуткім часе можна будзе пабачыць на тэлеканале “Ивье ТВ”. Прамы эфір, які праводзіўся ў Instagram “Дэканат Іўе”, сабраў гледачоў нават з Польшчы і Германіі.

Парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі шчыра дзякуе ўсім, хто далучыўся да арганізацыі і правядзення фестывалю, парафіям у Суботніках, Лаздунах, Трабах, Ліпнішках і Юрацішках, Іўеўскай дзіцячай школе мастацтваў і Іўеўскаму цэнтру культуры і вольнага часу, дзе і адбыўся фестываль.

Раман Ярмош

Фота: ivyenews.by