7-8 студзеня ў Навагрудку адбыліся курсы “Акадэмія трубы” для моладзі з музычным талентам. Курсы пры касцёле св. Міхала Арханёла правёў лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст аркестру “Tiroler Fiestspiele Erl Orchestra” ў Аўстрыі Аляксандр Ахрэмка.
Гэтыя курсы, якія праводзяцца ў Беларусі ўжо не першы раз у розных месцах (звычайна пры каталіцкіх святынях), ладзяць знакамітыя музыкі на чале з галоўным арганізатарам Аляксандрам Ахрэмкам. Мерапрыемства звычайна складаецца з дзвюх частак: заняткі і канцэрт. Арганна-інструментальны канцэрт адбыўся 8 студзеня і сабраў большую, чым чакалася, колькасць вернікаў.
Выканаўцамі былі Калініка Мядзведзева (арган, клавесін), канцэртуючая арганістка і выкладчык Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі, Аляксандр Бурдзялёў (клавесін), Аляксандр Ахрэмка і ўдзельнікі “Акадэміі трубы”: Аляксандр Барташэвіч, Аляксей Троцкі, Ян Міхалюк, Вадзім Ладынін.
У праграме гучалі музычныя творы К. Монтэвердзі, Дж. Кларка, Ё. С. Баха, Дж. Тарціні, Г. Ф. Гендэля, Дж. Тарэллі і іншых сусветна вядомых кампазітараў.
Кс. Юрый Жэгарын