Skip to main content

Вернікі катэдральнай парафіі ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана павіншавалі арцыбіскупа Кандрусевіча з днём нараджэння

kandrusewicz 3karali 576 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебрацыю вячэрняй святой Імшы ўзначаліў арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч.

На малітве сабраліся вернікі парафіі на чале са сваім пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім.

У гаміліі, кажучы пра сэнс урачыстасці Аб’яўлення Пана, якая мае таксама назву Тры Каралі, арцыбіскуп падкрэсліў, што падчас сустрэчы з трыма каралямі з Усходу Езус аб’явіў сябе язычнікам, і гэта сведчыць пра паўсюднасць Яго збаўчай місіі.

Іерарх дадаў, што, як распавядае Евангелле, Бог вёў трох мудрацоў да Немаўляці Езуса з дапамогай зоркі. У жыцці нам, адзначыў арцыбіскуп, таксама неабходна прытрымлівацца такой духоўнай зоркі, і гэтымі зоркамі з’яўляюцца святыя. “Зоркай можа быць добры прыклад, які нас прыцягвае. Зоркай можа стаць добрая ідэя, кніга, думка. Часам зоркай можа стаць хвароба ці нейкая праблема, якая заклікае нас задумацца над нашым жыццём”, – сказаў ён.

Найважнейшай жа зоркай, па словах іерарха, з’яўляецца Біблія – “выдатны даведнік для людзей, якія шукаюць Езуса як нашай сапраўднай пуцяводнай зоркі”.

На жаль, дадаў арцыбіскуп, зоркамі сучаснага свету становяцца знакамітыя артысты, спартоўцы, палітыкі і іншыя, з якіх людзі, асабліва моладзь, робяць куміраў. “Напэўна, сярод іх ёсць шмат добрых людзей. Аднак, на вялікі жаль, яны вельмі часта прапагандуюць свецкі, а часам нават і амаральны стыль жыцця. Таму трэба памятаць аб тым, што сярод розных зорак ёсць і фальшывыя”, – сказаў іерарх.

kandrusewicz 3karali 45

Таксама арцыбіскуп патлумачыў, чаму трох каралёў, якія прыйшлі да нованароджанага Езуса, называюць мудрацамі: па-першае, таму, што яны шукалі праўду; па-другое, не сядзелі на месцы, а ішлі, гатовыя ахвяраваць сваім часам, талентамі і скарбамі; па-трэцяе, яны, як кажа Евангелле, іншым шляхам адышлі ў сваю краіну – гэта значыць, што тыя, хто сустрэў Бога, змяняюцца і ідуць па жыцці іншым шляхам, Божым.

Арцыбіскуп заахвоціў вернікаў падумаць, ці змяніла нас сустрэча з Хрыстом падчас святаў Божага Нараджэння, ці ідзём мы шляхам Евангелля і ці практыкуем хрысціянскія каштоўнасці.

Пасля Імшы іерарх благаславіў крэйду, якой вернікі па традыцыі пазначаюць, вяртаючыся дадому, свае дзверы, тым самым паказваючы iншым, што жыхары гэтага дома – сведкі Хрыста і не саромеюцца гэтага.

Затым малодшыя вернікі гродзенскай катэдральнай парафіі выказалі віншаванні заслужанаму арцыбіскупу, які нядаўна адзначаў дзень нараджэння. Дзеці і моладзь пажадалі яму шмат патрэбных сіл і добрага здароўя для далейшага служэння ў Касцёле на Беларусі.

У той жа дзень іерарх наведаў сваю малую радзіму, дзе ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску ўзначаліў Імшу, агарнуўшы асаблівай малітвай сваіх землякоў і просячы для іх Божага благаслаўлення на новы год Панскі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі