8 снежня, у адпустовую ўрачыстасць, у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (дэканат Гродна-Захад) адзначылі 150-годдзе з часу будаўніцтва парафіяльнай святыні.
Урачыстасць узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прыбылі святары дэканату, а таксама настаяцель мясцовага праваслаўнага прыходу протаіерэй Георгій Рой. Прысутнічалі шматлікія парафіяне і госці, якія з поўнымі радасці і ўдзячнасці Пану сэрцамі ўзносілі да Нябеснага Айца гімн праслаўлення ў юбілей святыні.
Усіх прысутных прывітаў пробашч кс. Тадэвуш Крыштопік, які таксама пазнаёміў іх з багатай гісторыяй парафіі.
На Эўхарыстыі ўдзельнікі ўспаміналі ў малітвах усіх будаўнікоў, ахвярадаўцаў і дабрадзеяў гэтага касцёла, душпастыраў, якія паўтара стагоддзя клапаціліся пра духоўнае жыццё ў парафіі, і верны народ, сваіх продкаў, якія дбалі пра матэрыяльнае захаванне сваёй святыні.
Затым у гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч працягнуў распавядаць пра гісторыю касцёла, які паўтара стагоддзя з большымі ці меншымі перапынкамі збіраў у сваіх гасцінных сценах на малітве і супольным перажыванні Эўхарыстыі верны люд Квасоўкі і наваколля.
Іерарх падкрэсліў, што “паўтара стагоддзя ззяе з гэтага святога месца Божая любоў, што збаўляе чалавека, у выглядзе Добрай Навіны, якая абвяшчаецца, і сакрамэнтальнай ласкі, якая шчодра ўдзяляецца”.
Парафія ў Квасоўцы была заснавана ў 1626 г., у хуткім часе пачалося будаўніцтва першага драўлянага касцёла. У сярэдзіне XVIII стагоддзя, калі ён заняпаў і быў знесены, пачалі будаваць новую святыню, таксама драўляную.
Менш чым праз сто гадоў гэты другі касцёл таксама заняпаў і быў знесены. Вернікі, не зважаючы на вельмі неспрыяльныя акалічнасці, пачалі прыкладаць старанні, каб царскія ўлады дазволілі ім пабудаваць мураваны касцёл.
Пасля шматгадовых старанняў, нягледзячы на шматлікія цяжкасці і перашкоды, была ўзведзена новая мураваная святыня, урачыста асвячаная 30 лістапада 1871 г.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што асабліва красамоўнае і дзівоснае сведчанне вернасці Хрысту і Яго Касцёлу парафіяне Квасоўкі далі ў пасляваенныя гады ХХ стагоддзя, калі пасля смерці пробашча кс. Яна Жыткевіча ў 1961 г. парафія засталася асірацелай.
Вернікі не дапусцілі, каб у іх забралі святыню, каб яна была прызначана на іншыя мэты або проста разбурана. Кожную нядзелю і свята парафіяне збіраліся на так званых “Імшах без святара”: там чыталіся імшальныя тэксты, прамаўляліся малітвы і гучалі спевы, людзі прымалі духоўную камунію.
Іерарх адзначыў, што ў васьмідзясятыя гады ў касцёле быў усталяваны радыёпрыёмнік і слухалася трансляцыя Імшы з касцёла Святога Крыжа ў Варшаве.
“Дзякуем сёння Пану за гэтае прыгожае сведчанне веры, дзякуем за ўсіх абаронцаў гэтага касцёла і за ўсіх, хто ў такіх цяжкіх умовах захаваў і перадаў сваім дзецям і ўнукам дар жывой веры”, – сказаў біскуп, дадаўшы, што многія з прысутных у святыні памятаюць тыя не вельмі далёкія часы, многія былі ўдзельнікамі “Імшы без святара”.
Іерарх звярнуў увагу, што толькі на пачатку дзевяностых у касцёл у Квасоўцы пачалі прыязджаць святары, а святыня была адрамантавана. Біскуп прыгадаў былых руплівых душпастыраў, якія прычыніліся да адраджэння парафіяльнага жыцця: спачылага айца Казіміра Жыліса з Індуры, ксяндза каноніка Люцыяна Радомскага з Лунна, ксяндза каноніка Лешэка Дамагалу, які зараз служыць у Кельцах, і спачылага ксяндза Яна Занеўскага.
Словы ўдзячнасці біскуп Гродзенскі выказаў сённяшняму пробашчу парафіі кс. Тадэвушу, падзякаваўшы за яго руплівае, ахвярнае служэнне, за клопат пра парафіяльную святыню і пра жывы Касцёл, якім з’яўляецца супольнасць вернікаў.
Святкаванне юбілею было спалучана з урачыстасцю Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, таму іерарх заахвоціў усіх прысутных узнесці позірк, поўны радасці і хвалы, да Марыі Беззаганнай і дзякаваць Ёй за мацярынскую любоў і клопат, за Яе поўныя любові сэрца і вочы.
На заканчэнне Імшы вернікі падзякавалі біскупу за тое, што ён узначаліў гэтыя гістарычныя ўрачыстасці, за малітву і пастырскае благаслаўленне. Протаіерэй Георгій Рой перадаў віншаванні ад праваслаўнай супольнасці ў Квасоўцы.
Свята завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якога вернікі з радасцю праспявалі гімн Te Deum за ўсе дары і ласкі, якія атрымалі на працягу гадоў існавання свайго парафіяльнага касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч