Skip to main content

25-годдзе святарства адзначыў у Сапоцкіне кс. канонік Юрый Свіслоцкі

jubilej 17 снежня ў парафіяльнай святыні Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне адбылася ўрачыстасць падзякі за 25 гадоў святарскага служэння кс. каноніка Юрыя Свіслоцкага.

На Эўхарыстыі, якая цэлебравалася ў гадзіну Божай Міласэрнасці, сабраліся запрошаныя святары і вернікі, каб падтрымаць юбіляра сваімі малітвамі.

Імшу ўзначаліў пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная) кс. прэлат Вітальд Лазавіцкі, які шэраг гадоў быў пробашчам у Сапоцкіне.

Гамілію прамовіў пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы кс. канонік Павел Шанчук, дэкан дэканату Гродна-Усход. Ён нагадаў пра шлях святарскага служэння кс. Юрыя Свіслоцкага, дзякуючы старанням якога ў Гродзенскай дыяцэзіі былі ўзведзены два касцёлы – у Бердаўцы і Першамайску.

Ксёндз Павел адзначыў, што за гэтыя 25 гадоў цудоўнага падарожжа з Хрыстом ксёндз Юрый прывёў шмат людзей да Пана, многіх паяднаў з Богам праз сакрамэнт пакаяння, а таксама ахрысціў сотні вернікаў.

jubilej 3

Ксёндз дэкан пажадаў юбіляру, каб, нягледзячы на хваробу, ён і далей служыў з вялікай адданасцю Касцёлу і людзям, сярод якіх знаходзіцца штодзень. А служыць ён сапраўды з вялікай самаахвярнасцю, не зважаючы на цярпенні, бо яго заўсёды можна сустрэць у канфесіянале, дзе ён чакае пэнітэнтаў, якія жадаюць вызнаць свае грахі і атрымаць ласку ад Бога.

На заканчэнне Імшы парафіяне выказалі кс. Юрыю шмат добрых слоў, падзякаваўшы за служэнне і прабыванне сярод іх. Яны пажадалі, каб з Божай дапамогай ён яшчэ шмат гадоў мог весці іх да Пана і падтрымліваць сваімі малітвамі.

Юбіляр сціпла падзякаваў усім за тое, што ў гэты дзень яны агарнулі яго малітвай і парадавалі сваёй прысутнасцю.

Ксёндз канонік Юрый Свіслоцкі нарадзіўся 12 кастрычніка 1971 г. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 7 снежня 1996 г. у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

 Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі