Skip to main content

Aрцыбіскуп Кандрусевіч у гродзенскай катэдры на пачатак Адвэнту: няхай праблемы сучаснасці дапамогуць нам адкрыць вочы на Бога

adwent katedra 3028 лістапада, у першую нядзелю Адвэнту, арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя святую Імшу на беларускай мове, якая звычайна транслюецца тэлеканалам Гродна Плюс.

Вернікі сабраліся на Эўхарыстыі, каб з малітоўным настроем увайсці ў новы літургічны перыяд, якім з’яўляецца Адвэнт.

У гаміліі арцыбіскуп засяродзіў увагу на значэнні Адвэнту найперш як духоўнай падрыхтоўкі да другога прыйсця Хрыста і сустрэчы з Ім у хвіліну смерці. Таму, адзначыў іерарх, Божае слова заклікае да чування, бо мы не ведаем, калі адбудзецца сустрэча з Езусам-суддзёй, і для нас не дазволена духоўная спячка.

adwent katedra 26

Арцыбіскуп дадаў, што як час ад часу мы праходзім медагляд, каб праверыць стан свайго здароўя, так і Адвэнт з’яўляецца адпаведным момантам зрабіць агляд нашага духоўнага стану.

Іерарх нагадаў вернікам аб 60-й гадавіне разбурэння Вітаўтавай Фары ў Гродне, сведкам якога ён быў сам, калі вучыўся ў школе. Гэтая трагедыя глыбока адбілася ў яго душы і ўмацавала ў перакананні, што жыццё без Бога не мае ніякай перспектывы і вядзе ў прорву, а таксама што вырашэнне жыццёвых праблем немагчымае без Яго.

Арцыбіскуп пажадаў вернікам, каб Адвэнт, які будзе перажывацца згодна з вучэннем Касцёла, успамін трагедыі Вітаўтавай Фары, а таксама праблемы і крызісы сучаснасці, у тым ліку грамадска-палітычны і міграцыйны, дапамаглі ім адкрыць вочы на Бога і праўду Евангелля. Па словах іерарха, толькі тады Езус сваёй ласкай народзіцца ў нашых сэрцах і дапаможа вырашыць гэтыя праблемы ў духу справядлівасці і міласэрнасці, а ў нашай Бацькаўшчыне радасна загучыць гімн анёлаў: “Хвала на вышынях Богу, а на Беларусі мір людзям добрай волі”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі