З 18 па 21 лістапада ў Навагрудку праходзіў Міжнародны малітоўны кангрэс у абарону жыцця. У кангрэсе ўдзельнічалі абаронцы жыцця, члены сямейных малітоўных рухаў, духоўнага ўсынаўлення, выпускнікі школ сямейнага жыцця, а таксама тыя, хто пакутуе ад наступстваў абортаў у сваіх сем’ях.
Усім удзельнікам сустрэчы даслаў прывітальнае слова біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, далучыўшы выразы глыбокай і шчырай удзячнасці за iх актыўны ўклад у вялікую справу абароны зачатага жыцця.
“Kожны з вас, дарагія браты і сёстры, сваім спосабам, па меры ўласных магчымасцяў і згодна з атрыманым ад Бога пакліканнем, бярэ ўдзел у будаўніцтве і падтрымцы ў нашым грамадстве цывілізацыі жыцця, заснаванай на хрысціянскім бачанні чалавека, якое шануе кожнае чалавечае жыццё з моманту зачацця да натуральнай смерці”, – было адзначана ў слове.
Іерарх падкрэсліў, што Святы Касцёл, чый звышнатуральны абавязак – захоўванне вернасці Хрыстоваму Евангеллю, нястомна бароніць права кожнага чалавека на жыццё.
Біскуп дадаў, што “голасам Касцёла ў абарону жыцця з’яўляюцца не толькі афіцыйныя дакументы, заявы Папаў і іншых іерархаў. Голасам Касцёла з’яўляюцца таксама малітвы і сведчанні вернікаў, якія з патрэбы сэрца, адчуваючы адказнасць за ўласнае грамадства, просяць аб свеце больш справядлівым, чулым да чалавека і яго неад’емнай годнасці, тым, які шануе бясспрэчныя і вечныя каштоўнасці, сярод якіх чалавечае жыццё – адна з найважнейшых”.
Як адзначыў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі, “Kаталіцкі Касцёл цешыцца, што ў гэтай барацьбе за жыццё і годнасць чалавека ён не самотны, бо знаходзіць шматлікіх саюзнікаў сярод вернікаў іншых Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў, а нават і сярод вызнаўцаў іншых рэлігій і проста людзей добрай волі”.
“Гэта дае надзею, што ў такіх важных справах, як абарона чалавечага жыцця, магчымае разуменне па-над падзеламі і гарманічнае супрацоўніцтва ў пошуку супольнага дабра”, – заўважыў іерарх.
Арганізатарамі кангрэсу выступілі дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы”, Экспертная рада па пытаннях жыцця і сям’і пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і парафія св. Міхала Арханёла ў Навагрудку.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі