21 лістапада ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе адбыліся ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя служэння сясцёр Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай у Беларусі.
На Імшы сабраліся парафіяне і госці, каб дзякаваць Пану за служэнне законніц.
Прысутнічалі святары, сёстры законныя, арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў літургію, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч павіншаваў сясцёр і падзякаваў за ахвярнае служэнне на ніве Панскай. Ён нагадаў гісторыю заснавання гэтай бесхабітовай манаскай супольнасці. Па словах іерарха, гэтыя законніцы, выконваючы служэнне там, дзе ні святар, ні кансэкраваная асоба не мелі шанцаў, сталі соллю зямлі і святлом свету, евангельскім зачынам, які перамяняе сэрцы. Таму гэтых сясцёр называюць анёламі-апекунамі.
У іх харызме існуюць два напрамкі апостальства: грамадска-дабрачыннае і апякунча-выхаваўчае.
Згадваючы часы заснавання супольнасці, арцыбіскуп адзначыў, што царскі рэжым ускладняў дзейнасць Касцёла, манаскае жыццё было забаронена, таму вельмі патрэбнымі былі бесхабітовыя сёстры, якія патаемна служылі людзям. Тое ж паўтарылася ў часы ваяўнічага атэізму. Сёстры распачалі працу на Беларусі ў 1921 г. у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Падчас пераследу веры яны актыўна ўключыліся ў патаемную катэхізацыю дзяцей і падрыхтоўку да сакрамэнтаў.
Арцыбіскуп дадаў, што ў новых абставінах свабоды веравызнання і адначасова секулярызацыі сёстры выхоўваюць новага чалавека на хрысціянскіх каштоўнасцях. “Змяняюцца часы, але харызма гэтай манаскай супольнасці не змяняецца і застаецца актуальнай, бо сучаснаму чалавеку патрэбныя анёлы-апекуны”, – сказаў іерарх.
“Заставайцеся вернымі сваёй харызме – грамадска-дабрачыннай і апякунча-выхаваўчай місіі. Толькі на дзвюх нагах чалавек стаіць устойліва. Няхай ваша двайная місія будзе тымі нагамі, на якіх вы будзеце стаяць устойліва і паспяхова выконваць ускладзенае на вашыя плечы Божым Провідам заданне. Імкніцеся да святасці і дапамагайце іншым духоўна ўдасканальвацца, каб будучыня нашага грамадства была напоўнена евангельскімі каштоўнасцямі”, – з такімі словамі арцыбіскуп звярнуўся да сясцёр, віншуючы іх з юбілеем.
На заканчэнне Імшы вернікі таксама павіншавалі законніц, падзякаваўшы ім за штодзённае служэнне ў парафіі.
Кангрэгацыя Дачок Марыі Беззаганнай была заснавана ў літургічны ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, 21 лістапада 1891 г., у Закрочыме (Польшча) благаслаўлёным Ганаратам Казьмінскім пры ўдзеле Валерыі Людвікі Гасяроўскай для праслаўлення Беззаганнага Зачацця Панны Марыі. Кожная законніца гэтай супольнасці з першых дзён манаскага жыцця становіцца ўласнасцю Марыі.
Сёстры прыносяць сябе ў ахвяру Маці Божай як зброю для выратавання бліжніх малітвай і працай у патрэбах душы і цела, а таксама ўласным прыкладам. Яны пакліканы быць анёламі-апекунамі для жыхароў тых месцаў, дзе служаць кожны дзень.
Гэтая супольнасць законніц бесхабітовая, але яе сёстры амаль нічым не адрозніваюцца ад іншых манахінь, акрамя таго, што не носяць бачных адзнак, якія сведчылі б пра іх статус у грамадстве.
Сёстры Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай вядуць апостальскую дзейнасць у Лідзе, а таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Свіры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі