14 лістапада ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) адбыўся канцэрт парафіяльнага хору “Vox Dei”.
Як паведамляе сайт парафіі, натхненнем для канцэрту былі заканчэнне Года святога Юзафа і нядаўні літургічны ўспамін святога Яна Паўла ІІ.
Своеасаблівым лейтматывам канцэрту сталі словы “страх” і “давер”. Дырыжорам была кіраўнік парафіяльнага хору Вольга Маркевіч.
Прысутныя разважалі над тым, што Бог Айцец праз анёла заклікаў Юзафа не баяцца прыняць Марыю, якая моцай Духа Святога зачала Сына, і даць Яму імя Езус – Збаўца. І Юзаф сапраўды зрабіў так. Ян Павел ІІ, усведамляючы вялікія цяжкасці, прыняў папскае служэнне, давяраючыся Маці Хрыста і Касцёла. У дзень пачатку свайго пантыфікату ён казаў: “Не бойцеся, адчыніце насцеж дзверы Хрысту. Ён адзін ведае, што носіць унутры чалавек”. Абодва бязмежна даверыліся і даручылі сябе Богу, а Ён учыніў праз іх вялікія рэчы, нягледзячы на іх слабасці і абмежаванасць. Юзафа Бог зрабіў “Ценем Айца”, а Яна Паўла ІІ – Пастырам сваёй аўчарні.
Рэакцыя слухачоў пасля кожнай песні і на заканчэнне канцэрту сведчыла пра глыбокую ўзрушанасць, ідэнтыфікаванне іх сябе са зместам песень: гэта былі ўдзячнасць, давер, надзея, адданне сябе безумоўна ў рукі Бога Айца, паслухмянасць Яго волі.