13 лістапада міністранты і кандыдаты ў міністранты парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні здзейснілі пілігрымку ў Навагрудак і Уселюб.
У Навагрудку яны наведалі касцёл св. Міхала Арханёла, дзе ў гэты час знаходзіліся копіі абразоў Маці Божай з санктуарыяў нашай краіны. У святыні пробашч парафіі кс. Юрый Жэгарын пазнаёміў гасцей з гісторыяй касцёла, абразоў, якія там знаходзяцца, і аргана, а таксама правёў для ўдзельнікаў пілігрымкі невялікі экзамен, які яны годна вытрымалі.
Сястра назарэтанка Фаўстына правяла для іх экскурсію ў лес пад Навагрудкам, дзе былі расстраляны благаслаўлёныя сёстры-мучаніцы. У гэтым надзіва ціхім і незвычайным месцы міністранты і кандыдаты ў міністранты даведаліся пра гісторыю сясцёр, а ў касцёле Перамянення Пана, дзе знаходзіцца саркафаг з рэліквіямі мучаніц, памаліліся з падзякамі і просьбамі да Бога праз заступніцтва благаслаўлёных назарэтанак.
У кляштары назарэтанак маладыя пілігрымы даведаліся, як выпякаюцца аплаткі, гостыі і камуніканты, і наведалі невялікі музей, дзе захоўваюцца старадаўнія літургічныя рэчы. Экспазіцыя выклікала жывую цікавасць удзельнікаў пілігрымкі, бо гэта рэчы, з якімі яны служаць ля алтара Пана падчас кожнай літургіі. Таксама яны пабывалі на тэрыторыі Навагрудскага замка і на кургане Адама Міцкевіча.
На заканчэнне пілігрымы завіталі ва Уселюб у касцёл св. Казіміра, дзе знаходзіцца ўнікальная фігура Маці Божай Новага Жыцця. На тэрыторыі парафіі былі зладжаны цікавыя гульні, што дало магчымасць міністрантам і кандыдатам у міністранты весела і радасна правесці час.
Тыднем раней яны пабывалі ў Маладзечне ў майстэрні “Sacris vestibus”, дзе шыюць і вышываюць літургічнае адзенне і бялізну. Госці ўбачылі сам працэс нараджэння вышыванага абраза.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі