Skip to main content

Выйшла кніга кс. Артура Ляшнеўскага пра гісторыю Касцёла і Таварыства св. Францішка Сальскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі

knigaСалезіянін кс. Артур Ляшнеўскі, вікарый парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, выдаў кнігу “Ахопленыя надзеяй” пра гісторыю Касцёла і Таварыства св. Францішка Сальскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі з 1921 па 1991 гады.

Галоўная мэта дадзенай працы – даследаванне і апісанне дзейнасці Таварыства св. Францішка Сальскага на беларускіх землях на працягу трох перыядаў: міжваеннага, ваеннага і пасляваеннага да 1991 года. У кнізе таксама прадпрынятая спроба адказаць на пытанне: “Які ўплыў мела прысутнасць салезіянаў на тагачаснае і цяперашняе душпастырства і выхаваўчую працу на тэрыторыі сучаснай Беларусі?” Акрамя таго, у ёй падкрэсліваецца велізарны ўклад салезіянскіх місіянераў у справу ратавання і адраджэння каталіцкай веры ў краіне ў ваенны і пасляваенны перыяды.

Аўтар сабраў ужо вядомыя даследаванні, дапоўніўшы іх новай інфармацыяй і сведчаннямі. У 1921 годзе ў Дварэц прыбыў першы салезіянін, кс. Людвік Гастыля, а ў 1991 годзе кс. Юзаф Занеўскі SDB завяршыў справу адраджэння кангрэгацыі ў БССР.

У працы была рэканструявана палітычная і рэлігійная атмасфера, якая панавала на беларускіх землях у кожны з трох вышэйпералічаных перыядаў, з мэтай лепш зразумець асяроддзе, адносіны мясцовага насельніцтва і ідэалогію паасобных палітычных плыняў на гэтай тэрыторыі ў вызначаны прамежак часу.

Для дасягнення пастаўленых мэтаў працы былі зроблены запыты ў дзяржаўныя архівы ў Гродне, Мінску, Брэсце, Лідзе, Баранавічах і Вільні. Атрыманыя матэрыялы дапоўнілі шматлікія ўспаміны сабратоў, а таксама іх сведчанні, якія захоўваюцца ў архівах Таварыства св. Францішка Сальскага ў Варшаве і Кракаве. З мэтай збору інфармацыі і правядзення даследавання кс. Артур Ляшнеўскі асабіста наведаў тыя мясцовасці Беларусі, дзе служылі салезіяне. Варта зазначыць, што Кургана і Рэгінава ўжо няма на карце Беларусі, а адсутнасць інфармацыі пра канкрэтнае месцазнаходжанне салезіянскіх дамоў стала прычынаю памылак у апісанні іх прасторавай лакалізацыі ў ранейшых працах. Пасля некалькіх інтэрв’ю ў 2015 годзе святару ўдалося адшукаць месцы ранейшага прабывання салезіянаў і ідэнтыфікаваць руіны (фундамент) касцёла пад тытулам св. Яна Боско ў Кургане і місіянерскай семінарыі ў Рэгінаве.

Новая кніга з’яўляецца добрым матэрыялам, каб даведацца не толькі пра салезіянаў на тэрыторыі нашай Айчыны, але і пра гісторыю Касцёла ў Беларусі ў разгледжаны перыяд. У працы сабраныя шматлікія дакументы і сведчанні пра мучаніцтва беларускага духавенства, якое, на жаль, усё больш забываецца сучаснікамі. Памяць пра асобаў, якія сеялі зерне Евангелля і ратавалі яго ў нашай краіне – наш святы абавязак.

Набыць кнігу можна ў парафіях, дзе служаць ксяндзы салезіяне:

• парафія св. Яна Хрысціцеля, Мінск (Серабранка)

• парафія Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, Бараўляны

• парафія св. Міхала Арханёла, Смаргонь

• парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Дзятлава

• парафія свв. апосталаў Пятра і Паўла, Жупраны