1 лістападa, ва ўрачыстасць Усіх Святых, калі Касцёл успамінае ўсіх святых, вядомых і невядомых па імёнах і прозвішчах, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў Імшу ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На малітве сабраліся жыхары горада, каб прасіць святых, сваіх нябесных памочнікаў і апекуноў, заступацца за іх і дапамагаць ісці шляхам Езусавых благаслаўленняў, каб калісьці, пасля заканчэння зямной пілігрымкі, таксама апынуцца ў ліку шчаслівых жыхароў нябеснай айчыны.
У гаміліі біскуп адзначыў, што ў гэты дзень кожны чалавек павінен падумаць пра тое, што зрабіць, каб дасягнуць неба, стаць святымі, “каб першае лістапада кожнага года стала калі-небудзь і нашым святам – нас, збаўленых у небе”.
“Зараз мы толькі запрошаны Богам да святасці, пакліканы да неба, дзе маем падрыхтаванае месца. Бог нас чакае ў Нябесным Валадарстве, але, каб там апынуцца, мы павінны добра і годна пражыць сваё жыццё”, – дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што святы – такі ж чалавек, як і кожны іншы, часта грэшны і слабы, але з тым адрозненнем, што ён сумуе па святасці, па тым, каб быць кімсьці выключным і цудоўным, які, нягледзячы на ўсё ў сваім жыцці, спрабуе любіць Бога.
“Дарога да неба, да святасці нялёгкая, але варта на яе стаць і па ёй ісці, бо ўзнагарода за гэта незвычайная”, – сказаў іерарх.
Сваю гамілію біскуп завяршыў зваротам да Бога, які заўсёды дае кожнаму чалавеку належныя ўказанні, каб Ён даў усім вернікам мудрасць сэрца і сілу духу для дасягнення святасці і вечнасці.
Пасля Iмшы адбылася жалобная працэсія па святыні, падчас якой на кожным з пяці прыпынкаў вернікі маліліся за ўсіх, хто скончыў зямную вандроўку і на шляху да неба затрымаўся ў чыстцы, каб перанесці пакаранне за грахі.
Кс. Юрый Марціновіч